Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 77

Сергей Песецкий

— Дзіўная ўстанова, — сказаў я. — І ніштаватая.

Колька махнуў рукою.

— Гэткі самы бардэль, як любы іншы. Паўсюль адно і тое ж. Але гэты для вяршкоў. Для тых, хто мае буйныя грошы.

— Чаму тут няма дзяўчат?

— Тут з кожнай дзяўчынай, якую ўбачыш, можна пазабавіцца. Дзяўчат некалькі. Будуць падаваць ежу. Выберы, якую хочаш, і запрасі ў кампанію. Тады яна прыйдзе без фартушка. А ўжо яе абавязак нацягваць госьця на віно, садавіну, салодкае. Бо Мама нічога не бярэ ад дзяўчат, зь іх заробку ад гасьцей.

— Чыста тут, спакойна.

— А то ж. Дзеўкі тут здаровыя, добра выдрэсіраваныя. Няма ніводнага скандалу. Усё як у сям’і. Оргіі й тут бываюць. Яшчэ якія! Але ў адпаведны час і без авантур. Можаш таксама замовіць сабе дзяўчыну, якая на твой выбар прыйдзе з гораду. Грачанка мае некалькі, што падзарабляюць такім чынам. А некаторыя з таго жывуць. Пасьля возьмем фатаздымкі й пакажу табе іх. Можа, табе якая спадабаецца.

— А ты?

— Я сёньня не хачу. Досыць мне таго. Вышэй за вушы. Я ж пачаў «кахацца», калі быў хлапчуком, са служанкаю бацькі. Ёй было сорак год, а мне чатырнаццаць. Ну й пайшло: адна за другою. А цяпер мяне гэта толькі нудзіць.

— Але тут пуста. Няма гасьцей.

— Часам бывае шмат. Там, за тымі дзьвярыма, ёсьць яшчэ два кабінэты. Некаторыя прыходзяць з кабетамі з гораду альбо прызначаюць тут спатканьне. Але заўсёды трэба дамаўляцца з Грачанкаю.

Прыгадаў сабе расказы Рэванскага пра дамы спатканьняў. Зразумеў, што гэта падобная ўстанова.

— А дзе тут спальныя пакоі?

— Далей. Тут, браце, лябірынт. Ёсьць два заднія выхады. Усё прадугледжана.

У пакой увайшла паўнацелая дзяўчына, якая мела на сабе, як і Ганка, ярка-гранатавую сукенку і чорны фартушок. Яна наблізілася да нашага століка.

— Добры вечар!

— Янка цудоўна выглядае! — сказаў Колька і палашчыў яе па руцэ.

— Дзякую, — сказала яна. — Шэфіня дасылае вам гэтыя кветкі.

— Гэта значыць — цябе разам з тымі, што ў вазе.

— Эх, ня вельмі вы мною цікавіцеся.

— Бо я галодны, даражэнькая.

Дзяўчына паставіла кветкі на столік і сышла.

— Мілая дзяўчына, — зьвярнуўся я да сябра.

— Тут усе мілыя. Мамуся толькі гэткіх трымае. Гэта дамавы пэрсанал. Тут яны жывуць. Ну і кожная мае прафэсію. Тая, што адчыняла дзьверы, Ганка, нядрэнна сьпявае лёгкія куплеты.

— А Янка?

— Янка, хаця і дзябёлая, добра танчыць. А аднойчы сабралася тут вясёлая кампанія. Ува ўсіх былі купы грошай. І давай паіць дзяўчат. Шампанскае і шампанскае. Пасьля наладзілі францускія баі. Але галяком. Тая, якая выйграе, павінна была атрымаць пярсьцёнак з дыямэнцікам. Тут, пасярод залі, паклалі дыван і Янка, ды яшчэ адна, таксама дзябёлая Юля, пятнаццаць хвілін біліся, як тыгрыцы. Янка ўрэшце прайграла й пачала плакаць. Таму і ёй паабяцалі даць пярсьцёнак.

— Далі?

— Не. Далі грошы, каб сама сабе купіла.

— А казаў, што тут «як у сям’і».

— Зразумела. Гэта залежыць ад гасьцей і ад дзяўчат. Як упадуць у шал, то стаяць на галаве. Але ніякага прымусу няма. Усё залежыць ад настрою.

— Адкуль ты ведаеш гэтую ўстанову?

— Мяне сюды некалі прывёў знаёмы, вялікі картачны махляр. Мы папросту прыходзілі сюды на вячэру, каб правесьці час. А пасьля я сам некалькі разоў прыводзіў Маме «цёплых» гасьцей. Цяпер я тут як свой чалавек.