Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 76

Сергей Песецкий

— Колькі там вытрацім? — спытаў я.

— На вячэру па дзесяць тысяч і гэтулькі ж на дзяўчат.

— Добра.

— Зараз да яе пазваню. Там трэба запісвацца, як да добрага лекара.

Колька пайшоў да тэлефона. Неўзабаве ён вярнуўся і сказаў:

— Можам ісьці. Яна сказала, што для мяне мае заўсёды адкрытыя і дзьверы і сэрца. Файная баба.

Установа Грачанкі была блізка да цэнтру. Знаходзілася ў вялікай камяніцы. Афіцыйна гэта была сталоўка, у якой давалі хатнія абеды, але для адмысловых гасьцей быў салён і некалькі пакояў у больш далёкай частцы жытла гаспадыні. Калі мы ўвайшлі на слаба асьветленую лесьвічную пляцоўку, сябар сказаў, паказваючы на дзьверы:

— Тут, бачыш, краўчыха. Направа манікурыха. Ідэальны пункт. Любая кабета можа ўвайсьці з вуліцы, не прыцягваючы да сябе ўвагу.

Мы затрымаліся каля дзьвярэй. Збоку вісела таблічка «Хатнія абеды — з 1 да З гадзіны». Я завярнуў на гэта ўвагу сябра. Але ён толькі пасьміхнуўся і пазваніў.

— Для нас зарана нават, але сапраўды хачу есьці, — сказаў ён. — Нагуляемся сёньня ў буржуяў.

Неўзабаве дзьверы нам адчыніла маладая, прыгожая пакаёўка. Была ў ярка гранатавай сукенцы і чорным фартушку. Яе вочы ўважліва «ацэньвалі» нас.

— Вы да каго?

— Да мамусі, Ганначка, каханая! Асабіста да яе.

— Ах, гэта вы. Я не пазнала. Калі ласка. Зараз.

Пакаёўка хутка найшла ўглыб калідору. Я хацеў павесіць капялюш на вешалку каля дзьвярэй, але сябра ўстрымаў мяне.

— Лепшыя госьці не пакідаюць рэчы тут. Сталоўка для плебэяў там, — паказаў мне на прыадчыненыя дзьверы, за якімі, пры цьмяным сьвятле з вуліцы, былі відаць невыразныя абрысы крэслаў і сталоў. — Для арыстакратыі ёсьць экстрасалёны.

З глыбіні калідору да нас ішла дзябёлая жанчына з чорнымі валасамі й карымі вачыма. На ёй была добра пашытая сукенка зь вялікім дэкальтэ. Калі яна наблізілася, я адчуў моцны пах парфумы. Колька зрабіў да яе пару крокаў.

— Вітаю мамусю! — сказаў ён весела. — А гэта мой сардэчны сябра.

Я павітаўся з жанчынай, якая, хаця і не была маладою, выглядала вельмі добра. У яе была прыгожая скура і аніводнай зморшчынкі на твары. Грачанка ўзяла Кольку пад руку і фамільярна сказала:

— Чаму ж ты не прыходзіў? Забыўся пра Маму? Цёгаешся па дзяўчатах.

— Не дзяўчаты мне ў галаве. Было шмат клопату. Але сёньня хацелі мы зь сябрам добра паесьці.

— Толькі паесьці? Во халера! Але хадзем далей.

Мы ўвайшлі ў вялікі пакой, у якім я ўбачыў некалькі столікаў, засланых белымі абрусамі. Фатэлі ля іх былі вельмі нізкімі. На сьценах вісела некалькі рэпрадукцый добрых карцінаў, у багатых рамах. Пасярод столі вісела вялікая жырандоля. У адным куце стаяла піяніна і побач зь ім столік з патэфонам. Ля сьценаў залі ляжалі тоўстыя дываны, якія заглушалі водгалас крокаў. Пасярэдзіне зіхацеў, як разьлітая вада, велічэзны квадрат паркету.

Грачанка паказала далоньню наўкола.

— Выбірайце, панове, столік, які вам падабаецца. А я даведаюся на кухні, што маем добрага пад’есьці.

Яна адразу сышла. Мы селі за столікам зь левага боку залі.