Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 75

Сергей Песецкий

— У цябе шчасьлівая рука: ты гуляў як хацеў. Але ж і Гудвін — гэта не партач. Запрашаю цябе на вячэру.

— Не, — адказаў я, — сёньня я плачу за ўсё. Ёсьць з чаго.

Мы пайшлі да Берчыка. Там, за добрай вячэраю і гарэлкаю, доўга размаўлялі. Колька быў тактоўны і не выпытваў, адкуль у мяне грошы. Відаць, ён лічыў, што калі сам гэтага яму не кажу, то маю падставы да захаваньня сакрэту. З таго дня я бавіў амаль увесь вольны час у кампаніі Колькі. Мы хадзілі па шынках, па нелегальных салёнах азартных гульняў, па зладзейскіх прытонах. Для Колькі гэта нармальны стан рэчаў. Паўсюль пачуваецца як у сябе дома. Я пераважна аплачваю нашы большыя выдаткі. Але й сябру жывецца цяпер лепей. Ён пачаў ізноў выйграваць у карты і мае трохі грошай на запас. Паверыў у тое, што мая прысутнасьць прыносіць яму шчасьце. Грошы мае хутка разыходзяцца, але маю іх яшчэ шмат. А неўзабаве буду мець іх… мільёны! Я ня ведаю, як гэта ўсё скончыцца. Часам маю кепскае прадчуваньне, але адганяю яго і яшчэ аддаюся забавам, каб вытраціць грошы, пакуль яны ў мяне ёсьць.

Часта ўспамінаю Рэванскага і нашы размовы. Але больш мне даспадобы Колькін досьціп, яго грубыя жарты і яго хуліганскае легкадумства, чым сарказм старога. Я выдатна разумею Кольку. Рэванскі для мяне загадка — чалавек з мноствам твараў. Колька мяне весяліць, Рэванскі прымушае да разважаньняў над мноствам нецікавых для мяне рэчаў. Колька бачыць у жыцьці сьмех, забаву, жарты, асалоду. Рэванскі выцягвае адусюль подласьць, крыўду, агіду. Колька малюе ўсё сьветлымі фарбамі й стварае з жыцьця мазаіку гумару і бесклапотнасьці. Рэванскі запырсквае ўсё брудам і жоўцю… Рэванскі нязлы, але «цяжкі». Колька ж лёгкі, як пенка на піве.

На некаторыя нашы выправы Колька насіў элегантную адзежу. Угаварыў мяне, каб я замовіў сабе добры гарнітур па мерцы. Мы пайшлі да вядомага ў Вільні краўца. Сябра сам выбраў для мяне матэрыял і фасон. Пасьля мы дакупілі ў горадзе да камплекту шмат «неабходнай» драбязы. Калі ж гарнітур быў гатовы і я апрануўся ўва ўсё новае, Колька сам завязаў мне прыгожы гальштук і з задавальненьнем мастака, што любуецца сваім творам, правёў мяне да люстра.

— Во, калі ласка! — прамовіў ён урачыста, паказваючы на адлюстраваньне маёй постаці.

Зь зьдзіўленьнем я ўзіраўся ў люстра. Мне падалося, што бачу некага іншага. Скорчыў нават некалькі грымасаў — каб спраўдзіць сваю тоеснасьць.

— Ну, халера! — сказаў я.

Кольку гэты выраз прызнаньня ўсьцешыў больш, чым шматлікія падзякі. Ён пляснуў у далоні й засьпяваў:

Гэй, Зузана! Гэй, Зузана! Зад і перад падкасаны!

Пасьля дадаў:

— Фарсун як з малюнка! Хлопец на сто два!

За колькі дзён сябра прапанаваў, каб мы пайшлі на вячэру да Грачанкі.

— Хадзем, не пашкадуеш, — сказаў. — Кухня там добрая, а дзяўчынкі такія, што і ў Парыжы лепшых ня знойдзеш. Для выбранай публікі. Багіні — ня бабы!