Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 74

Сергей Песецкий

У той вечар я вярнуўся дадому позна. Кветкі былі забраныя. Засталася толькі адна, найменшая ружачка. На стале, на талерцы ляжалі колькі дзясяткаў вялікіх сьліваў. А на паперцы было дапісана: «Прыгожая Алена сярдуе за марнатраўства». Мабыць, яна думае, што я раблю растраты, каб зрабіць ёй прыемнасьць.

Цяпер я жыву ў добра абстаўленым пакоі ў цэнтры. Да яго ёсьць асобны ўваход зь лесьвічнай пляцоўкі, і я магу карыстацца ванным пакоем. Аднак я ня выпісаўся зь «бібліятэкі». Хачу мець яе ў «рэзэрве». Сплю тамака штоночы з суботы на нядзелю, і надалей доўжыцца мой дзіўны «флірт» з Аленаю.

Пасля продажу другога чэку я пачаў шукаць Кольку. Наўмысна сядзеў вечарамі да познага ў більярднай залі «Чырвонага Штрала». Але сябра недзе зьнік. Нарэшце я напісаў яму запіску, занёс яе на пададзены мне адрас і ўкінуў у паштовую скрынку. Я прасіў яго, каб ён прыйшоў заўтра ў більярдную а дванаццатай гадзіне. На наступны дзень пайшоў туды ў прызначаны мною час. Колька ўжо чакаў. Ён быў змарнелы і сумны. Мы не размаўлялі ў прысутнасьці іншых. Пайшлі ў горад.

— Што з табою здарылася? — спытаў я Кольку.

— Пачуваюся блага, бо маю шмат клопатаў. Прайграўся ў карты, завінаваціўся. Цяпер не магу даць сабе рады. Шукаў іншых магчымасьцяў, але мне ня шчасьціць. Цяпер гуляю танна ў «Зялёнага Штрала» альбо ў іншых установах.

— Слухай! — зьвярнуўся да яго зычліва і шчыра. — Я добра зарабіў і маю шмат грошай. Магу даць табе. Колькі трэба?

— Ведаеш, калі ня маеш уласнага рубля, дык і шчасьце ня будзе пасаваць. Звычайна так бывае, што грошы цягнуцца да грошай.

— Скажы, колькі патрэбна грошай, каб пазбыцца клопатаў і сплаціць пазыкі?

— Пазыкаў маю пятнаццаць тысяч. Трэба таксама заплаціць за пакой і за абеды дома. Калі б меў трыццаць тысяч, я даў бы сабе рады.

— Добра, дам табе трыццаць тысяч. Не пазычу, але дам. Калі зможаш некалі аддаць мне тыя грошы, то аддасі. Калі не — абыдуся бязь іх.

Я запрасіў Кольку на абед у рэстаран і там даў яму грошы. Ён прасіў мяне, каб прыйшоў увечары ў більярдную, бо ён зьбіраўся згуляць «на спуск». Я сказаў, што цяпер магу ісьці на вялікія закладкі, бо маю вялікія грошы. Дамовіліся, што ён выйграе першую партыю, прайграе дзьве наступныя і возьме ўсе, што будзе гуляць надалей. Аднак для пэўнасьці дамовіліся, што дасьць мне знак — як і раней.

У гэты ж дзень увечары Колька гуляў з Годвінам — па пяць тысяч партыя. Абодва лічыліся майстрамі і не давалі сабе форы. Заўзятары былі ўсхваляваныя і нерашуча закладаліся. Я ўважліва сачыў за Колькам. Ведаў, што першую партыю зьбіраецца выйграць — але наўмысна, і каб чула шмат заўзятараў, я паставіў тысячу марак супраць яго. Зразумела, Колька выйграў гэтую партыю, я ж страціў свой заклад. Тады заўважыў Колькаў знак. Я мог не ўзбуджаючы падозраньняў ставіць далей на Гудвіна. Тым разам я пайшоў у заклад зь некалькімі заўзятарамі. Атрымаў дзесяць тысяч марак. Наступным разам паўтарыў закладкі і зноў выйграў. Потым не было аматараў ставіць на Кольку. Палічылі, што сёньня ён у дрэннай форме. Тады я паставіў на Кольку пяць тысяч. Агулам здабыў, за вылікам страчанай першым разам тысячы, дваццаць чатыры тысячы марак. Калі пасьля сустрэўся на вуліцы з Колькам, ён сказаў: