Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 73

Сергей Песецкий

— Ня сёньня… Празь некалькі дзён.

— Добра.

Неўзабаве мы разьвіталіся. Я сказаў Сабаду, што калі захоча ўбачыць мяне па пільнай справе, няхай падсуне пад дзьверы майго пакою ў Жубжынскай паперку, прызначыўшы на ёй час і месца спатканьня. Аддаў яму партфэль, плашч і капялюш. Так я прадаў першы фальшывы чэк і адразу пачуўся капіталістам. А цяпер… Што цяпер? Цяпер жыць, весяліцца…

Мне таксама належыць нешта ад гэтага гораду, краіны… Нагаладаўся ўжо!

10

Я прадаў яшчэ два чэкі. Апэтыты маіх супольнікаў растуць. Другі чэк перарабілі на шэсьцьсот даляраў, а трэці на сямсот. Абодва чэкі я рэалізаваў у Вільні. Якуб рыхтуе чэк на тысячу даляраў, але мы зьбіраемся прадаць яго ў Маладзечне. Вільня, пасьля выпуску ў зварот трох фальшывых чэкаў, высіленая. Цяпер чарга паветаў. А на будучыню зьбіраемся прадаваць чэкі ў буйных гарадах Польшчы.

Неўзабаве пасьля рэалізацыі першага чэку я ўбачыў на вуліцы Алену. Яны жвава ішла ў напрамку нашага дому. Яе твар быў задумлівы, засяроджаны, смутны. Мне хацелася надысьці да яе і паразмаўляць, але я не наважыўся нават павітацца зь ёю. Пачаў сачыць за дзяўчынаю здаля. Яна дайшла да нашай камяніцы, але не зайшла празь пярэднія дзьверы. Падалася далей. Павярнула на рагу дому і ўвайшла празь іншыя дзьверы. Толькі цяпер я зразумеў, чаму ніколі не спатыкаў на сходах ані Рэванскага, ані яго дачкі. Да іх жытла ёсьць уваход зь іншага боку камяніцы. Калі Алена ўвайшла ў камяніцу, я хапатліва накіраваўся да пярэдніх дзьвярэй. Адчыніў іх і стаў унізе лесьвічнай пляцоўкі. Я чуў крокі дзяўчыны. Затрымаліся ўверсе. Пасьля да маіх вушэй даляцела, як адчыняецца замок. Потым грукнулі дзьверы. Толькі тады ціхенька пайшоў сходамі ўверх. Уваходы да ўсіх дзьвярэй былі справа лесьвічнай клеткі. Калі я спыніўся наверсе, убачыў велічэзныя, падвойныя дзьверы, на якіх была замацаваная шыльда: «Гіпаліт Ардэна-Рэванскі». А зьнізу: «Рэтушор». Мне хацелася пазваніць у кватэру, але я збаяўся. Ну што я ёй скажу? Што часта пра яе думаю…

Назаўтра была субота. Я купіў дзьве вялікія, прыгожыя гронкі вінаграду. Былі амаль чорныя, добра высьпелыя, сакавітыя. Паклаў іх на талерцы і пакінуў побач картку: «Прыгожай Алене — замест паэмы». У той вечар не пайшоў забаўляцца, хаця меў шмат грошай на пацехі. Ад часу знаёмства з Аленаю суботнія вечары былі для мяне хвалюючыя і мілыя. У мяне цяпер была магчымасьць піць, гуляць з кабетамі. Але даражэйшымі для мяне былі некалькі словаў, напісаных на паперцы, ці цукерка, пакінутая Аленаю. У тую суботу я хадзіў па горадзе да дзясятай гадзіны. Потым вярнуўся дахаты і з радасьцю ўбачыў, што адна гронка вінаграду зьнікла з талеркі. На яе месцы ляжалі два варэнікі з сырам. А на паперцы было дапісана: «Мусіць быць і паэма».

На наступным тыдні я прадаў яшчэ два чэкі. У мяне было шмат грошай. Але і цяпер я ня бавіўся нідзе ў суботу. Удзень пайшоў у кветкавую краму і купіў вялікі, прыгожы букет. Па дарозе дадому набыў ёмістую вазу. Дома паставіў кветкі ў вазу. На стале паклаў паперку, на якой напісаў: «Паэма з кветак — для Прыгожай Алены». Потым хадзіў па горадзе і думаў, што зробіць Алена? Вырашыў нават, што калі яна возьме кветкі, я буду мець вялікі посьпех. Гэткая прастадушная варажба.