Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 72
Сергей Песецкий
— Будзьце ласкавы, падпішаце.
Я бяру асадку, апускаю пяро ў чарнільніцу. Раптам разумею сабе, што ня памятаю прозьвішча. Імя: Мікалай, але прозьвішча? Ліхаманкава думаю: як жа мяне завуць? А сэкунды лятуць. Можа, гэта выглядае падазрона?
Зноў апускаю пяро ў чарнільніцу, пераварочваю блянк і чытаю «Мікалай Стылеўскі». Зрабіў я гэта нядбайна. Адначасова я сказаў:
— Калі б я пратрьмаў гэты чэк яшчэ пару тыдняў, мог бы ўзяць бадай нашмат больш. Але маю патрэбу. Неспадзяваную патрэбу.
— Вы маглі б і страціць. Цяпер марка мае тэндэнцыю расьці.
Старанна падпісваю чэк.
На стойцы вырастаюць апяразаныя белымі папяровымі стужкамі паперы банкнотаў. Доўгі, сухі палец датыкаецца стужак.
— Чатыры па сто тысяч, разам чатырыста. Тая пяцьдзясят тысяч. А тут дваццаць чатыры. Усяго: чатырыста семдзесят чатыры тысячы марак. Можаце пералічыць.
Лічу стосы, у якіх дваццаць чатыры і пяцьдзясят тысяч. Потым паказваю на пачкі па сто тысяч.
— Ці соткі дакладна падлічаны?
— Памылкі быць ня можа.
Кладу дваццаць чатыры тысячы ў партманэт, а чатырыста пяцьдзясят у тэчку.
— Да пабачэньня!
— Наша пашана! Заходзьце яшчэ.
«Вам хопіць аднаго разу», — падумаў я. Выходжу з абменьніка. Іду Нямецкаю вуліцаю. Супрацьлеглым ходнікам сьпяшаецца Сабада. Пару разоў зварочваем у завулкі. Мне хочацца азірнуцца: ці за мною ніхто не ідзе, ці ня сочаць за мною? Але ўстрымліваюся ад гэтага. Нарэшце Сабада падышоў да мяне.
— Ну як? — спытаў.
— Бачыце! — паказваю на напханую грашыма тэчку.
У цэнтры гораду мы ўваходзім у браму вялізнай камяніцы. Чорнымі сходамі ідзем угару. У малым пакойчыку нас вітае невысокі, хударлявы жыд. Яго вочы стомленыя і пачырванелыя. Сам расхваляваны. Сабада паціскае яго далонь і паказвае рухам галавы на мяне:
— Гэта якраз мой супольнік. Я вам гаварыў…
Паціскаю вузкую слабую далонь.
— Якуб… — называецца жыд, невыразна вымаўляючы прозьвішча.
— Мікалай Стылеўскі, — так, як на чэку, які я толькі што прадаў.
— Як прайшло з чэкам? — пытае Якуб.
— Прададзены. А грошы тут, — шчоўкнуў пазногцем па тачцы.
— Цудоўна! — кажа жыд.
Заўважаю, што ён вельмі нэрвуецца і відавочна хворы. Я выняў грошы з тэчкі й роўна паклаў іх на стале, накрытым белаю цыратаю.
— Прадаў чэк па тысячы пяцьсот восемдзесят марак за даляр. Усяго атрымаў, за трыста даляраў, чатырыста семдзесят чатыры тысячы. Тут чатырыста пяцьдзясят тысяч, а ў партманэце яшчэ дваццаць чатыры.
Супольнікі зь цікаўнасьцю выпытваюць у мяне падрабязнасьці продажу. Нясьпешна, з пэўным перабольшаньнем і гумарам, расказваю ім. Пазіраюць на мяне з захапленьнем і задавальненьнем.
— Вы наогул не баяліся? — спытаў Якуб.
— Не было на гэта часу. Цяпер трохі баюся.
Дзелім грошы. На выдаткі «арганізацыі» чэку адкладаем дваццаць чатыры тысячы — каб засталася круглая сума. Атрымліваю сто пяцьдзясят тысяч марак. Гэта тоўсты стос банкнотаў. Частку іх хаваю ў партманэт, а рэшту расьпіхваю па кішэнях. «Я — буржуй! І гэта за дзесяць хвілін рызыкі!»
— Калі вы хочаце прадаць наступны чэк? — пытае мяне Сабада.
— Можна сёньня. Нават зараз.
На твары жыда зьяўляецца ўсьмешка. Сабада таксама сьмяецца.