Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 69

Сергей Песецкий

— Вы з братам?

— Не… Брат да гэтага ня мае дачыненьня. Ёсьць яшчэ адзін… Вы пазнаёміцеся зь ім пасьля. Ён пастаўшчык сапраўдных чэкаў і робіць фальшывыя дакумэнты.

— А хто перарабляе чэкі?

— Я і ён. Але цяпер гэта ня важна. Уважліва агледзьце чэк. Ён выглядае падазрона?

Я нічога ня мог выявіць на блянку, нават на сьвятло. Папера была нягнуткая, новая, без аніякіх плямаў і заганаў.

— Вы зьмянілі суму.

— Ня толькі суму. Усё было «вымыта». А на чыстым блянку напісалі фіктыўнае прозьвішча і суму.

— І што я павінен з гэтым рабіць?

— Вы павінны прадаць чэк.

— Каму?

— Абярэм адпаведнае месца і пакажам вам. Падчас продажу мы будзем назіраць за вамі здаля. У выпадку правалу заложым за вас заклад. У гэткіх справах належыць звальненьне ад суду за заклад. Зразумела, пасьля праведзенага сьледзтва. Зрэшты, з гэтым цяжка праваліцца. Гэта новая афэра. І нам патрэбна за кароткі час пусьціць у зварот як мага больш фальшывых чэкаў, а пасьля спыніць гэтую працу. Такі чэк можа пераходзіць з рук у рукі доўгі час. Толькі пасьля выкрываецца, што падроблены.

— Якім чынам?

— Праз банк. Калі напрыклад, нехта зацікаўлены накіруе ў банк запыт: на якую суму быў выстаўлены чэк, альбо ці сапраўды ва ўласьніка чэку ёсьць пакрыцьцё грашыма?

— Чаму вы самі не заняліся продажам? Вы добра ў гэтым арыентуецеся.

— Бачыце: трэба быць ініцыятыўным, сьмелым, упэўненым у сабе… Нельга выдаць страху, непакою. Я на гэта ня здольны.

— Хто трэці саўдзельнік?

— Жыд. Вельмі сымпатычны. Разьбіраецца ў банкаўскіх апэрацыях. Знае таксама хімію.

Я задумаўся. Пасьля сказаў:

— Патлумачце мне падрабязна: якім чынам адбываецца продаж чэку і ўсё, што з гэтым зьвязана. Тут справа ня ў боязі, бо я не баюся. Гаворка аб тым, што хачу зразумець справу дакладна.

Сабада запаліў папяросу і раскінуўся ў крэсле. Потым сказаў:

— Калі ласка, уявіце сабе, што вы жыхар Вільні, Мікалай Стылеўскі. Што ў вас ёсьць брат у Амэрыцы, у Нью-Ёрку. Ваш брат валодае рахункам у банку і мае чэкавую кніжку. На адным чэку ён піша ваша прозьвішча як таго, каму належыць выплаціць грошы.

— Разумею.

— Пасьля ваш брат, назавем яго Ян, піша вам ліст і паведамляе, што дасылае ў ім чэк на трыста даляраў.

— Дзе ўзяць ліст ад майго брата?

— Ліст напішам самі, тут. А канвэрт з маркамі таксама падрыхтуем самі, зь якога канвэрта з Амэрыкі. Гэта ня цяжка.

— Добра. Што далей?

— Вы атрымліваеце ліст. У ім чэк. Вартасьць чэку на трыста даляраў амаль роўная вартасьці трыста даляраў у банкнотах. Вам патрэбныя грошы. Тады ідзяце да банка альбо да пункту абмену валют, альбо да чорнага мянялы і прадаяце чэк за айчынныя грошы.

— Што за карысьць меў бы той, хто купляе ў мяне чэк? Што з гэтага ён мае?

— Ён зарабляе крыху на кожным даляры, агулам гэта шмат. А таму што праводзіць такіх апэрацый шмат, заробкі дзялкоў ад такіх транзакцый вялікія.

— Зразумела.

— Вы пераведзяце чэк.

— Што гэта значыць?

— Падпішаце на адвароце чэку тое прозьвішча, на якое чэк выстаўлены.

— Адкуль яны могуць быць упэўненыя, што я якраз тая асоба, на якую чэк выстаўлены?

— У вас будуць «левыя» дакумэнты на гэтае прозьвішча. На іх будзе пячатка з прапіскай па вашым адрасе. Можа здарыцца, што яны захочуць аформіць акт куплі ў натарыюса. Але дзялкі гэтага ня робяць, толькі прыватныя пакупнікі.