Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 67
Сергей Песецкий
Я сяджу ля сьцяны ў доўгім шэрагу крэсел і назіраю за гульнёю. Час ад часу кідаю позірк на суседзяў. У іх засяроджаныя твары. Некаторыя нэрвова круцяцца, іншыя глядзяць апатычна. Заўзятары сьціскаюць у руках пакамечаныя, спацелыя банкноты. Міміка дапамагае гульцам. Прасочваюцца скупыя заўвагі. Яны ва ўладзе запалу. Для многіх зь іх выйгранка роўная магчымасьці павячэраць. Прайграцца — пазбавіцца вячэры сёньня і, можа, абеду заўтра. Каля мяне сядзіць стары. Штохвіліны ён нэрвова выцірае хустачкай акуляры, чапляе іх і зноў пазірае. Часам шэпча прафэсійныя выразы, акрэсьліваючы стан гульні ці хібы гульцоў.
Усе тут знаёмыя. Гэта заўсёднікі, свае людзі. Разумеюцца бяз словаў — як хірургі й іх памочнікі пры апэрацыі. Партыя скончаная. Гоман нарастае. Гульцы рыхтуюцца да наступнай гульні: шмаруюць крэйдаю кій, абціраюць хусткамі спацелыя твары, п’юць піва, размаўляюць:
— Дзесяці даць не магу. Самі бачыце…
— На пяць я не гуляю.
— Добра. Апошняя…
Заўзятары ідуць у заклад.
— Стаўлю тысячу за Бурмістра!
— Ідзе!
— Ён гуляе на «спуск»!
— Зразумела.
— Празь дзесяць хадоў ён будзе труп!
Стары, што сядзіць каля мяне, прайграў. Штохвіліны ён здымае дрыготкімі рукамі акуляры. Потым выцягвае з розных кішэняў скамечаныя банкноты і лічыць іх. У залі прыбывае людзей. Ёсьць і чужынцы — выпадковыя гульцы. Прыглядаюцца да гульні альбо нерашуча ідуць у заклад, ня ведаючы гульцоў.
— Стаўлю тысячу на таго, сухога.
— А я на таго з доўгім носам.
Да старога нахіляецца нейкі таўсташчокі маладзён:
— Прабачце! Прабачце, ці гэтыя шары са слановай косткі?
Стары раззлаваны і зьдзеклівы. Насунуў на нос акуляры.
— Хэ, хэ… Памятайце, што цяпер дваццаты век і слановай косткі нават у слана няма!
На ружовым твары пытаючага нямое зьдзіўленьне.
— …З мастыкі, пане, з мастыкі, — працягвае стары. — З мастыкі….
Стары хлусіць. Я чуў, што гэтая пірамідка більярдных шароў якраз са слановай косткі. Відаць, ня хоча, кіруючыся ўпартасьцю, сказаць прафану праўду.
Распачынаецца гульня на галоўным стале. Прафэсіяналы сядзяць засяроджаныя. Заўзятары крытычна назіраюць за гульнёю. Толькі прафаны робяць трохі шуму, прыцягваючы да сябе незадавальненьне заўсёднікаў — злосныя позіркі, а часам і заўвагі:
— Гэй, там, галёрка! Цішэй!
— Тут ня цырк!
Нехта торгае мяне за рукаво. Бачу нахілены да мяне амаль дзявочы твар у далікатнай усьмешцы.
— Што? — пытаю я зьдзіўлена.
— Прабачце, на хвілінку. Маю да вас справу.
«Хто такі? Недзе яго бачыў. Але дзе?»
Выходзім на цёмны падворак. Са змроку зьяўляецца яшчэ адна постаць. «Чаго яны хочуць?»
— У чым справа? — пытаю.