Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 65
Сергей Песецкий
— А можа, будзеце ласкавыя зайсьці да мяне?
Я зноў апынуўся ў застаўленым мэбляю сталовым пакоі. Старая выйшла на хвілінку. Я чакаў на яе. Сапраўдная мэта майго візыту была падступнаю. Я хацеў даведацца, як зваць дачку Рэванскага. Гэта не давала мне спакою. Мне здавалася, што калі я даведаюся гэта, я лепей зразумею паводзіны дзяўчыны, якую нават яе бацька — добра гэта памятаю — акрэсьліў як «дзіўную». Да яе ў мяне было некалькі пачуцьцяў: злосьць — бо яна кпіла зь мяне, бо набывала паставу мудрай ды нават маралізуючай асобы; віны да яе, бо ўсё ж і я яе патурбаваў, можа нават балюча, калі кінуў на падлогу, а потым сьціснуў за горла; захапленьня — бо ўсё ж паходы па кнігі й запалохваньне кватарантаў не былі звычайнымі.
Старая вярнулася ў пакой. На плячах у яе быў накінуты ваўняны шаль, які яна прытрымлівала рукою на грудзях. Яна села ў крэсла і, вывучальна сьвідруючы мяне вочкамі, схаванымі ў сетцы глыбокіх маршчынаў, спыталася:
— Зрабілася нешта кепскае?
Пэўны час я маўчаў. Потым прамовіў, надаючы твару скораны выраз:
— Так, справы паважныя… Але калі гэта мусіць быць таямніцаю, то няхай застанецца поўнай таямніцай. Таму я ня буду вам нічога гаварыць. Я казаў, што наважыўся жыць у бібліятэцы нягледзячы на тое, што там робіцца. І буду там жыць. Абяцаю вам, што нікому не скажу, калі там нешта здарыцца.
— Але вы самі хочаце мне нешта сказаць.
— Хачу заплаціць вам квартплату да канца году. Так мне параіў пан Рэванскі. Бо я зарабіў трохі грошай. Гэта для мяне найважней: дах над галавою.
— Добра. Гэта вельмі сумленна. Ёсьць кватаранты, зь якімі мушу судзіцца за квартплату.
— Я стараюся плаціць як толькі магу.
Я даў Жубжынскай дзьве тысячы марак і дамовіўся, што заплаціў за пакой да канца году. Гэтым разам яна дала мне квіток, што атрымала плату за пакой — разам з папярэднімі — тры тысячы марак… за паўгода. Потым я спытаў:
— Ці мог бы я паглядзець дамавую кнігу?
— Дамавую кнігу… А навошта?
— Вы зацікавілі мяне прозьвішчамі кватарантаў. Сапраўды нязвыклыя. Таму хачу спраўдзіць, ці між імі няма маіх знаёмых.
— Добра, я дам вам кнігу. Але, можа, будзеце ласкавы дапамагчы запісаць новую кватарантку. Яна пераехала ў суботу. Ужо ўпісаная ў дамавую кнігу і дала пасьведчаньне асобы.
— Зраблю гэта для вас.
— Вялікі дзякуй, бо дворнік, ведаеце…
— Ведаю: п’яніца, гультай, нягоднік!
— Менавіта. Зараз…
Старая прынесла дамавую кнігу і прасіла, каб я не затрымліваў яе доўга. Я абяцаў запісаць адразу новую кватарантку. Гэтак і зрабіў. А калі вярнуўся дахаты, пайшоў у свой пакой і пачаў шукаць у кнізе радкі запісаў пра Рэванскага і яго дачку. Знайшоў іх. У дачкі было імя Алена, узрост 17 гадоў; род заняткаў: навучэнка; месца нараджэньня: Ленінград.
Я адразу занёс кнігу. Аддаў яе гаспадыні праз прыадчыненыя дзьверы да яе кватэры. Падзякавала мне за запіс кватаранткі й спыталася:
— Ці знайшлі вы што цікавае ў кнізе?