Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 63
Сергей Песецкий
— Але ж вы баяка!
— Баяка?
— Ну ясна… Адважны чалавек ніколі б ня кінуўся гэтак усьляпую… Яшчэ і на жанчыну…
— Адкуль я мог ведаць, хто гэта?
— Маглі б запаліць сьвятло.
— Мяне дзівіць, што я мушу перад вамі апраўдвацца… У маім пакоі.
— Я была ўпэўненая, што вас няма дома. Мяне не цікавіла ваша кампанія. І надалей не цікавіць.
— Таму мне вас перапрасіць і выйсьці адсюль?
— Зараз я сыйду. Вы зладзілі на мяне засаду. Ці так?
— Зрабіў засаду, але не на вас. Я лічыў, што будзе гэта нехта зусім іншы. Магчыма, здань. Але ня думаў, што гэтак пазнаёмлюся з дачкою пана Рэванскага, якога люблю, шаную і якому дужа ўдзячны. Гэта для мяне вялікі гонар, — гаварыў я трохі іранічна, трохі са злосьцю, бо мне моцна балела галава зь левага боку над вухам. — Але ж вы калі хацелі нешта тут рабіць, маглі прыйсьці звычайнай дарогаю. Натуральна, я б дазволіў вам.
— Я не хацела прасіць дазволу ў вас. Магла абысьціся безь яго.
— У гэткім разе ня трэба на мяне наракаць. Вы маглі мяне акалечыць.
— Ах, бляшаным ліхтаром?
— Нават кулаком можна забіць.
— Вы ўмееце?
— Ведаю, што магчыма.
Дзяўчына апусьціла далонь, і я ўбачыў на яе шыі цёмныя плямы ад маіх пальцаў. «Але ж і яна атрымала», — падумаў я. Я пайшоў да дзьвярэй, узяў зь вешала кепі і сказаў:
— Іду на шпацыр. Вярнуся праз гадзіну. Ці гэтулькі часу вам досыць?
— Досыць чвэрці гадзіны. Але вы можаце застацца. Змыйце кроў з твару. Зірніце ў люстэрка.
У мяне трохі зьдзерлася скура над вухам ад удару ліхтаром. З ранкі нацякла кроў, якая размазалася па скроні. Я абмыў твар у рукамыйніку і абцёрся насоўкаю, бо не хацеў пэцкаць рушніка. Дзяўчына тымчасам узьняла з падлогі ліхтар і сьвечку ды паставіла іх на камін. Потым сабрала раскіданыя кніжкі й падышла да адной з шафаў. Выняла з кішэні ключык і адчыніла дзьверкі. Паставіла на паліцы прынесеныя кнігі й пачала выбіраць іншыя. Я назіраў за ёю з зацікаўленьнем і мне карцела засьмяяцца. Такою была мэта наведваньня духа. У нейкі момант сказаў:
— Вы кожную суботу зьмяняеце тут кніжкі. Можа, наступную суботу пачакаю вас і дапамагу.
— Ня трэба. Дам сабе рады.
Пэўны час яна маўчала, потым сказала:
— Старая вар’ятка. Калі мы мелі гэты пакой, яна таксама не дазваляла карыстацца кніжкамі. Але ў мяне быў ключ, які адчыняе ўсе шафы. Потым бацька зьехаў з гэтага пакою, але я надалей брала кнігі, калі тут нікога не было. Там за шафаю ёсьць дзьверы ў нашы пакоі.
— Цяпер я разумею. Кватарантаў вы страшылі, бо яны перашкаджалі. Ці вы хочаце, каб я захоўваў у сакрэце вашы наведваньні?
— Вы самі гэта зробіце, бо пакой з духамі таньней каштуе. Акрамя таго, вам будзе прыемна згуляць рыцара і прыслужваць маладой і прыгожай дзяўчыне.
— Нават прыгожай! — усклікнуў я саркастычна.
— Ну, не такой прыгожай, як, напрыклад, пані Сабіна! — адпарыравала яна зласьліва. — Бо пані Сабіна — гэта прыгажосьць асаблівая! Ці ня так?
— Так.
У гэты момант яна павярнула да мяне твар і прыжмурыла вока. Гэта расьсьмяшыла мяне, хаця і разумеў, што яна ведае пра мяне і Сабіну больш.