Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 62

Сергей Песецкий

Гэтак разважаючы, я сядзеў яшчэ пэўны час ў сваёй схованцы і зьбіраўся неўзабаве яе пакінуць. Раптам я пачуў у глыбіні бібліятэкі нейкі дзіўны скрыгат. Потым пачуўся лёгкі шоргат. Пасьля каля каміну зьявілася невыразная постаць, сьвятлейшая зьверху. На імгненьне я зьнерухомеў ад зьдзіўленьня. Потым, баючыся, што таямнічая здань зьнікне, усхапіўся на ногі й скочыў наперад у яе напрамку. Перад вачыма зьявіліся мне выразныя абрысы чалавечага твару. Але ў гэты самы момант мяне агаломшыў моцны ўдар у галаву. Нейкі мэталёвы прадмет гучна ўпаў на падлогу. Я здолеў, аднак, схапіць абедзьверуч постаць чалавека… чалавека, а ня духа. Адчуў некалькі больш слабых удараў, і каб пазьбегнуць далейшых, падаўся назад, цягнучы за руку свайго праціўніка. Адначасова прысеў і гэтак перакінуў празь сьцягно ня надта цяжкае цела. У наступнае імгненьне я схапіў абедзьверуч шыю «духа». Сьціснуў моцна далоні і пачуў голас, падобны да енку. Тады зразумеў, што мой праціўнік — дзяўчына. Аслабіў далоні, узьняўся на ногі й сказаў:

— Прашу ўстаць!

Я дапамог дзяўчыне ўзьняцца і пацягнуў яе за руку ў напрамку дзьвярэй. Крутануў уключальнік, і сьвятло заліло пакой. Перада мною, трымаючы адну далонь на шыі, стаяла маладая дзяўчына, з чорнымі, гладка зачасанымі назад валасамі, цёмнымі вачыма і бровамі. Я адразу зразумеў, хто яна. Бо мела твар дзяўчыны, чый партрэт я бачыў у майстэрні Рэванскага. Значыцца… яго дачка. Я зь зьдзіўленьнем пазіраў на яе. Яе вусны перакрывіла пагардлівая ўсьмешка.