Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 61

Сергей Песецкий

Я выйшаў зь більярднай, маючы дзьве тысячы выйгранкі. Пералічыў у думках свой капітал. Валодаў дваццацьцю дзьвюма тысячамі. Гэта была найвялікшая сума, якую меў з часу запісу ў войска. Але і гэта не было шмат. Можна было жыць за іх, вельмі сьціпла, паўтара месяца. Тым часам набліжалася восень. На зіму трэба было абавязкова купіць нейкае паліто. Былі й іншыя пільныя патрэбы. Таму жыў надалей вельмі ашчадна і пачаў гатаваць сабе сьняданак дома.

На Біржы працы надалей нічога для мяне не было. Я страціў надзею, што атрымаю нейкую працу. Колькасьць беспрацоўных расла, і сярод іх панавала горыч. Яны лічылі урад няздольным, які наогул не цікавіцца лёсам беспрацоўных. Марна псаваліся сілы, час і праца, якія маглі быць карысныя для ўсіх. Акрамя таго, беспрацоўныя, якія доўгі час ня мелі занятку, пачувалі сябе засуджанымі на галодную сьмерць. Некалькі разоў у Бюро здараліся сутычкі між беспрацоўнымі і чыноўнікамі. Аднаго дня выклікалі нават паліцыю, якая арыштавала колькі чалавек.

У пятніцу Колька не прыйшоў у більярдную «Чырвонага Шарала». Відаць, гуляў недзе ў карты. Ён папярэджваў мяне, што не заўсёды можа прыйсьці ўва ўмоўленыя дні, бо часам трапляюцца яму іншыя «шансы». Я меў ахвоту напісаць яму, але адмовіўся ад гэтага. Не хацеў дакучаць. Зрэшты, і яму шчасьціла мала. Жыў, абы пратрываць.

У нядзелю я абудзіўся рана. У доме панавала ціша. За вокнамі абуджаўся сьвітанак, і было чуваць, як горад прачынаецца. Я спрабаваў заснуць, але ня мог. Перашкаджалі мне думкі. У нейкі момант падалося мне, што каля камінка ляжаць на цёмным паркеце дзьве манэты — срэбраныя альбо нікелевыя. Я зьдзівіўся гэтаму. Узьняўся з ложка і падышоў да камінка. Убачыў дзьве плямы стэарыну, якія застылі на падлозе. Я быў упэўнены, што ўчора гэтых плямаў ня было. Не было іх удзень, але маглі яны зьявіцца ўвечары альбо ўночы. Я быў таксама упэўнены, што я гэтых плямаў не зрабіў, бо ня меў сьвечкі. Разважаючы над гэтым, я прыйшоў да высновы, што нехта наведвае мой пакой штосуботу ўвечары. Раней, калі я вяртаўся з Сабінаю са шпацыру і ўбачыў сьвятло, была субота. Учора таксама была субота. А першы раз таксама адбылося гэта ў суботу. Але зь якою мэтаю адбываліся гэтыя візыты? Нейкая мэта мусіла ў гэтым быць. Але якая? Можа, нехта хоча адпудзіць мяне адсюль? У гэтым разе дзейнічае надзвычай вытанчана. Намагаецца быць незаўважаным. Ня робіць ніякіх жартаў. Аднак гэтыя візыты вельмі прадуманыя і таямнічыя. Не зважаючы на страхі Жубжынскай і яе расказы пра духаў, што гойсаюць па бібліятэцы, я ня верыў, што гэта звышнатуральныя справы. Я дапускаў, што ўсё тлумачыцца проста, але ня мог гэтага разгадаць. Я ўрэшце пастанавіў, што прысьвячу некалькі суботніх вечароў разгадцы загадкі. Непрыемна было спаць у пакоі, жыць у ім, калі не адчуваў сябе тут бясьпечна.

У наступную суботу, калі зьмяркалася, я вярнуўся дахаты. Усунуў ключ у адтуліну замку з боку пакою. Потым расшнураваў абутак і выйшаў на калідорык. Зрабіў выгляд, быццам зачынаю дзьверы на ключ, але пакінуў іх толькі прычыненымі. Пасьля пайшоў, тупаючы нагамі, у напрамку лесьвічнай клеткі і ўніз да чацьвёртага паверху. Там зьняў боты і паціху вярнуўся ў свой пакой. Зачыніў бязгучна дзьверы і выняў ключ з замка. Потым узяў свой вайсковы мундзір і паклаў яго на падлогу, у нішу між высокай, дубовай сьпінкаю ложка ды дубовай шафаю. Сеў там, лічачы, што добра схаваўся. Калі б нехта ўвайшоў празь дзьверы альбо нават зьлез з даху на балькон і трапіў у пакой, хутчэй за ўсё не заўважыў бы мяне. Было ціха. Я сядзеў нерухома. Мае вочы, прызвычаеныя да цемры, адрозьнівалі абрысы стала і крэслаў ды таксама сьветлыя плямы твараў на партрэтах. Затое правы бок пакою патанаў у змроку. Сплывалі дзясяткі хвілін. Панавала ціша. Час ад часу чуў груканьне парадных дзьвярэй долу і крокі людзей, што ішлі сходамі. Меркаваў, што мая засада ў гэты вечар будзе безвыніковая. Мне карцела пайсьці ў горад на шпацыр, бо ў суботу вуліцы былі дапазна поўныя людзей. Але каля паловы на дзявятую вечара пачуў на калідорыку ціхі шоргат — быццам бы вельмі асьцярожныя крокі. Яны затрымаліся ля маіх дзьвярэй. Потым клямка лёгка здрыганулася. Падумаў, што нехта спрабуе адчыніць дзьверы. Сэрца хутка забілася ў маіх грудзях. Я чакаў, што зараз у пакой увойдзе невядомы госьць. Асьцярожна прыняў больш выгаднае для ўсхопліваньня на ногі становішча. Але дзьверы не адчыняліся. Затое падалося мне, што чую, як аддаляюцца крокі. Потым недзе далёка грукнулі дзьверы. Я палічыў, што на гэтым усё скончылася. Напэўна, «дух» адчуў маю прысутнасьць і сышоў. А можа, я зрабіў памылку, што не пакінуў запалкі ў шчыліне дзьвярэй — як рабіў гэта заўсёды, калі выходзіў з дому.