Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 60
Сергей Песецкий
— Я зразумеў адразу ж, як яна прыйшла. З гучаньня яе голасу, з выразу твараў і яе, і вас. А калі ў нейкі момант яна паклала далонь на вашу далонь, вы скоса зірнулі на мяне, ці заўважыў я гэта, і паспрабавалі незаўважна адсунуць сваю далонь. Калі б вашы стасункі былі такія самыя, як першым разам, гэтага ня здарылася б.
Назаўтра ранкам Рэванскі зьехаў. Я часта ўспамінаў яго і задумваўся над тым, што ён мне казаў пра свой мэтад назіраньня за людзьмі. Я пачаў таксама зьвяртаць большую ўвагу на людзей, якія мяне атачаюць, і на характэрныя дробязі.
Таго ж дня ўвечары я пайшоў у більярдную залю «Чырвонага Штрала». Колькі ў ёй я не засьпеў. Зрэшты, я не спадзяваўся на гэта, бо ён казаў мне, што ў гэтай рэстарацыі звычайна гуляе ў пятніцу і суботу. Заля была запоўненая заўзятарамі. Пры галоўным стале гуляў малады, таўсташчокі мужчына, якога называлі Бурмістар. Праціўнікам яго быў хударлявы, лысаваты спадар сталага веку. На ім была чорная адзежа, і з-за зялёнага твару і глыбокіх вачніц ён выглядаў на нябожчыка, якога за добрыя паводзіны на могілках адпусьцілі ў адпачынак. Яго звалі Годвін. Пасьля кароткага назіраньня я зарыентаваўся, што Годвін вельмі добры гулец і дае Бурмістру ажно дваццаць пунктаў форы. Гатую партыю Годвін прайграў і прапанаваў другую па дзьве тысячы. Бурмістр пагадзіўся. Тады Годвін, нашараваўшы кій крэйдаю, выняў з кішэні нагавіц хустку і выцер ёю далоні. Потым схаваў яе ў іншую кішэню. Гэта прыгадала мне ўмоўны знак Колькі. Магчыма, гэта было выпадкова, але надумалася мне, што Годвін дае некаму знак, што прайграе. А стаўкі гульні падвысіў дзеля таго, каб запэўніць іншых, што гэтую партыю выйграе. Адзін з заўзятараў зьвярнуўся да мяне:
— Стаўлю тысячу на Годвіна. Пойдзеце ў заклад?
— Добра.
Я ўважліва сачыў за гульцамі. Я заўважыў, ш то Годвін гуляе надзвычай старанна, гэтак сама Колька, калі той гуляў «на спуск». Зразумела, ён прайграў. Заўзятар, зь якім я пайшоў у заклад, сунуў мне пакамечаную банкноту — маю выйгранку. Толькі цяпер я заўважыў, што гэта Куба, авантурнік, які распачаў бойку ў шынку на Занальнай. Цяпер выглядаў ён на саліднага, спакойнага мужчыну. Мяне, відаць, ён не пазнаў і другі раз у заклад са мною не пайшоў. Я надалей сачыў за гульцамі. Годвін прапанаваў Бурмістру гульню на чатыры тысячы. Той не паважыўся. Але нейкі маладзец, што сядзеў сярод заўзятараў, сказаў яму:
— Пайду да цябе ў долю: дзьве тысячы.
Тады Бурмістар наладзіўся гуляць па чатыры тысячы. Я ўважліва назіраў за Годвінам, які цяпер ня даў аніякага знаку, і пастанавіў, што гэтую партыю ён выйграе. Прапанаваў заўзятарам заклад на тысячу марак, ставячы на Годвіна. Партыю Годвін выйграў, але трывала яна вельмі доўга. Відавочна, яму было неабходна гэтым разам выйграць. Я ўжо зразумеў тактыку яго гульні, якую заўзятары называлі «выцягваньнем жылаў», калі ён замінаў у гульні праціўніку, спрытна расстаўляючы шары пры люзах і выкарыстоўваючы яго хібы.