Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 59
Сергей Песецкий
— Ну як? — спытаў Рэванскі.
— Дасканала! — сказаў я шчыра.
— Дык вось, бачыце: кожная работа можа быць выканана і кепска, і добра. Калі ўкласьці ў працу трохі інтэлекту, густу, ахвоты дасягненьня добрых вынікаў, то вынік яе будзе добры. Такія здымкі хутка распаўсюджваюцца, бо на іх ёсьць попыт, калі яны прыгожыя.
Размаўляючы з Рэванскім, я меў ахвоту задаць яму адно пытаньне. Нарэшце я наважыўся яго вымавіць:
— Ці ведаеце вы Сабініна прозьвішча?
— Так.
— Можаце мне яго сказаць?
— Хм… Вы маглі ў яе самі спытацца.
— Не прыйшло мне да галавы. Ведаеце, я ўвесь час пра яе думаю, і шкада мне яе. Калі зірнуць на гэтыя здымкі, дык выглядае яна разбэшчанай куртызанкаю. У сапраўднасьці ж гэта вельмі прыстойная, сур’ёзная жанчына. Думаю, як ёй дапамагчы…
Рэванскі тарабаніў пальцамі аб стол і доўга маўчаў. Потым сказаў:
— А ці не прыйшло вам да галавы, што варта ажаніцца зь ёю? Яна старэйшая за вас, але гэта ня мае вялікага значэньня. Да таго ж лепей жыць з жанчынай дваццаць год шчасьліва, чым з маладзіцай трыццаць — нешчасьліва. Мелі б жонку надзейную, прыгожую, здаровую, сьціплую. Вы ведаеце, што ў яе ёсьць сын?
— Так.
— Яна ахвяруе сабою дзеля яго. Цяжка працуе. А мела мноства магчымасьцяў лёгка і шмат зарабляць. Такі, як гэта называюць, «тавар» цэніцца ў шыкоўных салёнах распусты. Ёсьць тут такія для заможнай публікі. Але яна мае прыродную прыстойнасьць. Да распусты яна не падыходзіць.
Я доўга размаўляў з Рэванскім. Выявілася, што ён даўно ведае, што мы былі з Сабінаю каханкамі. Ён лёгка зрабіў выснову з нашых паводзін. Не зьбіраўся згадваць пра гэта, але з нагоды размовы пра Сабіну сказаў мне. Я быў зьдзіўлены ды нават прысаромлены яго кемлівасьцю. Ён пасьміхнуўся і зірнуў мне ў вочы:
— Трэба ўмець глядзець на людзей і рэчы. Трэба слухаць словы, але думаць пра іх мэты. Трэба зьвяртаць увагу не на тое, што само кідаецца ў вочы, але на прыхаваныя дробязі. Ня трэба цалкам чапляцца за рэчы, але знаходзіць іх характэрныя дэталі. Вы памятаеце наша знаёмства на Біржы працы?
— Памятаю.
— Дык там было каля двухсот мужчын, а я выбраў вас беспамылкова, на падставе некалькіх дробязяў, якія я заўважыў і якія характарызавалі мне вас так, як быццам бы я ведаў вас змалку. Зь іх я выснаваў, што вы надаяцеся мне фізычна і псыхічна. Бо зразумела, я б не працаваў зь якім вісусам альбо ардынарным ёлупнем. Я вам дапамог. Вы таксама мне прыдаліся. Словам: я не падмануўся. А да таго ж людзі, недальнабачныя псыхічна, ня ўмеюць выбраць сабе нават жонкі, найбліжэйшай істоты на сьвеце.
— Прабачце, вы былі жанаты, — хутчэй сьцьвердзіў, чым запытаўся я.
— Так.
— Шчасьліва?
— Так. Вельмі. Меў у жонцы надзейнага і добрага сябра. Але яна памерла. Тыф… І маё асабістае шчасьце, сапраўднае шчасьце, скончылася…
Толькі пасьля сёньняшняй размовы я зразумеў, зь якім цікавым чалавекам маю дачыненьні. Гэта быў мысьляр, псыхоляг, аналітык. Як здольны сьледчы судзьдзя ён будаваў з дробязяў высновы, са сьлядоў довады. Калі спытаў яго: як здагадаўся, што я і Сабіна каханкі, ці не з таго, што на другім сэансе мы добра пазавалі, ён адказаў: