Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 58

Сергей Песецкий

— Якім гарэлым?

— Як быццам бы нехта нешта паліў.

— Можа, суседзкія кватаранты гатуюць вячэру.

Сабіна адчыніла дзьверы на балькон.

— Гэтак будзе лепей, — сказала яна. — Надвор’е цудоўнае. Чаму ты заўсёды трымаеш гэтыя дзьверы зачыненымі?

— Зачыняю іх, калі выходжу. Можа быць дождж альбо бура.

Мы паклаліся спаць. Сёньня Сабіна была чулаю і палкаю — можа таму што была ў добрым настроі, а можа хацела на разьвітаньне пакінуць мне найлепшыя ўспаміны пра сябе. Ранкам я прачнуўся позна. Пакой залівала дзённае сьвятло. Сабіна спала аголеная. Адна рука была пакладзена пад галаву. Губы былі чырвоныя і напухлыя. Яна выглядала незвычайна і таямніча. Я задумаўся: што ёй цяпер сьніцца і дзе блукае яе душа? Калі пасьля яна зьбіралася сыходзіць, я хацеў яе правесьці. Але яна рашуча запярэчыла гэтаму. Пацалавала мяне і сказала:

— Забудзься пра мяне. Шукай працы для сябе і шукай добрай дзяўчыны. Абавязкова ажаніся, бо самотным змарнуешся. Будзь шчасьлівы!

— Табе таксама зычу шчасьця. Каб добра выхавала сынка і мела зь яго пацеху. Дзякую табе за ўсё.

Сабіна сышла. Мне было шкада яе. Я адчуў, што пакідае мяне ня толькі прыемная каханка, але і вельмі добрая кабета. Я выйшаў на балькон і схіліўся ўніз. Хацеў яшчэ раз яе пабачыць. Пачуў, як адчыніліся пярэднія дзьверы. Потым назіраў за Сабінаю, калі ішла ходнікам. Яна выглядала сьціпла. Яе рухі былі свабодныя, упэўненыя. Я падумаў, што калі азірнецца і я пабачу яе твар, дык спаткаемся ў жыцьці яшчэ раз. Калі не — дык ніколі. Сабіна дайшла да рогу вуліцы. Зірнула ўлева і перайшла дарогу. Спынілася на супрацьлеглым ходніку. Потым абярнулася ў маім напрамку. Яна была далёка, але я меркаваў, што яна шукае вачыма мой балькон. Я паслаў ёй паветраны пацалунак. Яна ўзьняла руку ўгору. Потым апусьціла яе і зьнікла за рогам.

У сераду на поўдні Рэванскі пагрукаў да мяне:

— Ці можна зайсьці да вас? — спытаў.

— Ласкава запрашаю.

Дзядок прынёс кардонную скрынку, у якой была сьпіртоўка, бляшаны чайнік, каструлька, некалькі талерак, філіжанак, лыжачак, лыжка, відэлец, нож і вялікая бутэлька дэнатурату сьпірту.

— Хачу ўзбагаціць вашу гаспадарку. Нашмат выгадней і таньней гатаваць сьняданак дома. У каміне вы зможаце гатаваць нават суп. Патэльні ня маю. Гэтыя рэчы мне не патрэбныя. Забірайце іх.

— Вялікі дзякуй. Нават думаў, каб самому гатаваць. Але здавалася мне, што цяжка гэта арганізаваць.

— Зусім не. Да таго ж кватаранткі гатуюць дома. Зараз паспрабуем.

Я заслаў стол газэтамі. Рэванскі згатаваў ваду і запарыў гарбату.

— Вы пераканаецеся, — казаў дзядок, — што як будзеце сабе гатаваць, дык есьці будзе смачней і таньней. Зразумела, абеды цяжка рабіць самому. Але сьняданак і вячэру найлепей гатаваць дома.

Я быў узрушаны яго клопатам пра мяне.

— А цяпер, — працягваў, — я пакажу вам закончаныя нашы тры сэрыі. Гэта ўжо тавар для гандлю. Якраз некалькі такіх камплектаў я завязу ў Варшаву.

Падаў мне тры капэрты, у якіх было па шэсьць фатакартак. На адваротным баку кожнага здымку была вялікая пячатка «Эрас», а таксама тры літары АВО. Акрамя таго сэрыі былі пранумараваныя ад 1 да 6. Я з зацікаўленьнем праглядаў фатаздымкі, хаця і добра ведаў іх. Цяпер яны выдатна выглядалі.