Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 56

Сергей Песецкий

З Колькам я спаткаўся на Татарскай вуліцы. Я пакінуў більярдную залю адразу пасьля яго сыходу. І сёньня мы пайшлі ў шынок Берчыка. Там падзялілі грошы. А я вярнуў яму пазычаную мне тысячу марак.

— Вам ня выгадная гульня са мною, — сказаў я Кольку. — Вы самі маглі гуляць па дзьве тысячы, а потым па чатыры, і выйграць больш.

— Так. Але я даў магчымасьць выйграць вам. Калі гуляю «на спуск» зь іншымі супольнікамі, яны шмат ставяць супраць мяне. Тады гэта выгадна.

І гэтым разам мы доўга сядзелі ў шынку. За вячэру заплаціў Колька, хаця я пярэчыў. Але ён сказаў, што запрашу яго тады, калі мне лепш пашчасьціць. Мы дамовіліся, што буду час ад часу прыходзіць у більярдную залю, а Колька, калі гэта будзе магчыма, згуляе для мяне «на спуск». Акрамя таго, ён даў мне свой адрас, каб я мог напісаць ліст, калі надарыцца пільная патрэба пабачыцца зь ім.

8

Наступнага дня, незадоўга перад шостай гадзінай, Рэванскі пагрукаў да мяне і запрасіў у сваю майстэрню. Ён быў у вельмі добрым настроі й радасна пацёр рукі.

— Трэцяя сэрыя, пане, выйшла першай клясы! Усе позы і ўсе здымкі добрыя. Магу лёгка сабраць камплект.

— Таму ня будзем сёньня працаваць?

— Ну так. Я абяцаў вам, аднак, даць па дзесяць тысяч. Я заўсёды трымаю слова. Але сёньня мы папрацуем крыху і толькі для экспэрымэнту. Зробім некалькі забаўных здымкаў. Хачу таксама пачаставаць вас каваю.

— З каньяком?

— Але. Гэта падбадзёрвае, і работа спорыцца.

Рэванскі даў мне апошнія здымкі й пачаў запарваць каву. Я праглядаў фатаздымкі і пераканаўся, што ўсё цудоўна. Я досыць добра ўжо ў тым быў абазнаны, на падставе мноства папярэдніх тлумачэньняў Рэванскага. Тым часам ён сказаў:

— Адкладзіце ў бок тыя фатаздымкі, на якіх вы пазнаяце свой твар альбо Сабінін. Можа выдалім іх альбо паўторым здымкі з тварамі ў іншы бок.

Я ня здолеў нідзе пазнаць свой твар. Затое твар мадэлькі лёгка пазнаваўся на двух здымках. Я зьвярнуў на гэта ўвагу Рэванскага. Той агледзеў уважліва фатаздымкі й сказаў:

— Адзін здымак выдалю з сэрыі. Але другі паўторым, бо ён вельмі цікавы… Яна цудоўная мадэлька. У кожнай позе эстэтычная. Калі мне пашчасьціць знайсьці добры збыт на гэтыя сэрыі, вырабім некалькі наступных. Узровень вельмі высокі: яны могуць нават пайсьці за мяжу.

— Калі вы едзеце ў Варшаву?

— Напрыканцы наступнага тыдня. Можа, пашчасьціць мне знайсьці там жытло для сябе. Але, вядома, я вярнуся — і калі трэба будзе, папрацуем яшчэ. Можа, тады заплачу вам лепш, чым цяпер, бо цяпер ня меў з гэтага ніякай карысьці, толькі выдаткі. Акурат таму я сьпяшаюся выехаць.

Сабіна трохі спазьнілася. Яна была ў вельмі добрым настроі. Калі прывіталася з намі, яна зьвярнулася да Рэванскага:

— Сёньня магу працаваць нават да дванаццатай, бо вольная ажно да панядзелка. Можа, скончым работу цалкам.

— Работа ўжо скончана, — сказаў Рэванскі. — Здымкі выйшлі добрыя. Есьць поўная сэрыя. Паўторым толькі адзін, каб схаваць ваш твар, і зробім некалькі падрыхтоўчых здымкаў для іншых сэрый. Мяркую, што мы яшчэ папрацуем разам у будучыні.

— Тады — да працы! — весела сказала Сабіна.