Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 54
Сергей Песецкий
Назаўтра, а пятай вечара, я зайшоў у двор цукерні «Чырвонага Штрала». Знайшоў бакавы ўваход у більярдную залю. Уласна, там былі дзьве залі. У першай стаялі два більярды, а ў другой, да якой уздымаліся некалькі прыступак угору, быў яшчэ адзін. У Вільні было шмат більярдных. У «Чырвоным Штрале», у першай залі, на другім більярдзе гулялі звычайна найлепшыя гульцы гораду. Гульня іх ішла пераважна з высокімі стаўкамі. А заўзятары закладаліся на сваіх фаварытаў яшчэ даражэй. Некаторыя гульцы былі прафэсіяналамі й жылі з гульні. Сярод заўзятараў было таксама шмат прафэсіяналаў — горшых гульцоў, але добрых знаўцаў гульні. Яны ставілі на «майстроў», як на бегавых коней. А паколькі гульня тут ішла цэлымі днямі, заўсёднікі мелі мноства зручных аказій здабыць дробныя сумы грошай. Найлепшыя гульцы прыходзілі толькі ўвечары. Ня ўсе зь іх належалі да прафэсіяналаў. Некаторыя мелі працу. Адзін быў уласьнікам малой рэстарацыі. А час ад часу прыходзіў вайсковец, ротмістар, які гуляў весела, зухавата, на вялікія закладкі і стаўся ўлюбёнцам заўзятараў. Колька быў прафэсіяналам, і лічылі яго за аднаго з чатырох найлепшых гульцоў гораду. Гуляў таксама зухавата і меў моцны ўдар. Але лічылі яго неўраўнаважаным, які ня раз прайграваў лёгкія партыі, але неспадзявана выйграваў у добрых гульцоў, даючы ім фору. Можа, гэткая рэпутацыя была патрэбна яму, каб гуляць час ад часу «на спуск». Як пазьней я даведаўся, «на спуск» ён гуляў рэдка — толькі тады, калі яму не ставала грошай. І звычайна выпраўляў падпсаваную за адзін дзень рэпутацыю некалькімі днямі добрай гульні.
Я прысеў на крэсла пры сьцяне. Зь цікаўнасьцю аглядаў залю і людзей, што знаходзіліся ў ёй і назіралі гульню за двума сталамі. У некаторых месцах, між крэсламі, стаялі малыя столікі. Адзін афіцыянт абслугоўваў дзьве залі й час ад часу прыносіў замоўленыя стравы і напоі. Відавочна, буйная гульня яшчэ не пачалася, бо шмат крэслаў было вольных. Колькі таксама не было ў залі. Ён прыйшоў пад шостую гадзіну. У таварыстве паджылага, тоўстага жыда, уласьніка рэстарацыі, а таксама худога, высокага мужчыны, гадоў каля пяцідзесяці, якога называў «Інжынэр». Потым я даведаўся, што такую мянушку далі яму не з-за яго прафэсіі, але з-за стылю гульні. Гуляў ён паволі, старанна аглядаў пазыцыі шароў, вымерваў кут. Акурат сёньня ён і Колька павінны былі гуляць.
Пасьля іх прыходу ў залі запанавала ажыўленьне. Гульцы пры другім більярдзе — найлепшым — пасьпяшаліся закончыць партыю. Інжынэр і Колька выбралі кіі са стойкі. Афіцыянт зграбна паклаў пірамідкаю шары і запісаў крэйдай на дошцы час пачатку гульні. Я ўважліва назіраў за Колькам, чакаючы, што ён дасьць мне ўмоўлены знак. Але ён некалькі разоў зірнуў на мяне абыякава. Я зрабіў выснову, што першую партыю ён зьбіраецца згуляць сур’ёзна.