Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 55
Сергей Песецкий
— Гуляем на дзьве тысячы? — прапанаваў Інжынэр.
— Паехалі! — пагадзіўся Колька.
У залі пачуліся размовы. Некаторыя заўзятары ішлі ў заклад. Адзін зь іх зьвярнуўся да мяне:
— Тысячу марак на Інжынэра.
Дарма што Колька папярэдзіў мяне, каб я не гуляў безь яго папярэджаньня, я прыняў заклад. У залі былі чуваць галасы заўзятараў:
— Стаўлю дзьве тысячы на Інжынэра. Хто адкажа?
— Тысячу на Кольку.
Пачалася гульня. Колька і Інжынэр гулялі роўна — бяз форы. Інжынэр гуляў паволі, старанна, Колька хутка і быццам бы нядбала. Я бачыў, што ён намагаецца выйграць. Ён выйграў амаль выпадкова, бо Інжынэр, зрэзваючы цяжкі шар ад борта, паклаў яго над люзаю. У залі зноў запанавала ажыўленьне. Заўзятары сплачвалі прайгранае. Я атрымаў тысячу марак і ўважліва сачыў за Колькам, які ўзяў ад Інжынэра выйграныя грошы.
— Пачнём другую партыю на дзьве тысячы? — спытаў яго Інжынэр.
— Паехалі.
Пачаў шмараваць канец кія крэйдаю. Потым зірнуў на мяне і выняў з правай кішэні нагавіц хусьцінку для носа. Выцер далоні й схаваў яе ў левую кішэню. Я зрабіў выснову, што Колька гэтую партыю прайграе. Зьвярнуўся да некалькіх заўзятараў:
— Стаўлю чатыры тысячы на Інжынэра.
Два заўзятары прынялі мой заклад — па дзьве тысячы. Пасьля выйгранай першай партыі Колька быў фаварытам, і ахвотна ставілі на яго.
Другая партыя цягнулася доўга. Было відаць, што Інжынэр хоча абавязкова выйграць. Колька таксама гуляў больш старанна, і выглядала на тое, што зьбіраецца выйграць. Назіраючы за ім, я зразумеў, што ў сапраўднасьці той грае ролю: удае, што хоча выйграць, хаця насамрэч зацікаўлены прайграць. Урэшце ён прайграў партыю.
Я атрымаў ад заўзятараў выйграныя мною заклады — чатыры тысячы. Працягваў назіраць за Колькам. Заўважыў, што ён зноў выняў з кішэні — гэтым разам зь левай — хусьцінку, выцер далоні й схаваў яе ў правую кішэню. Інжынэр хацеў павысіць стаўку, але Колька не пагадзіўся. Я паставіў на Інжынэра на дзьве тысячы з трыма заўзятарамі. І гэтым разам Колька прайграў. Тады ён прапанаваў Інжынэру разыграць партыю на чатыры тысячы. Той пагадзіўся. Умоўнага знаку гэтым разам Колька мне ня даў. З гэтага зрабіў выснову, што зьбіраецца выйграваць апошнюю партыю. Таму паставіў на яго тысячу марак. Гэтую партыю Колька лёгка выйграў. Інжынэру гульня не пайшла. Два разы ён «прапусьціў» лёгкія шары, і нават выглядала, што наўмысна прайграе. Заўзятары, аднак, ведалі, што Інжынэр — заможны аматар і ніколі «на спуск» не гуляе. Вынік гульні быў наступны: Колька выйграў дзьве партыі й Інжынэр дзьве. Але Колька зарабіў на гэтым дзьве тысячы. Я ж выйграў для сябе дзьве тысячы, а паводле пададзенага мне знаку — дзесяць тысяч. Паколькі Колька прайграў наўмысна дзьве партыі, мне належала вярнуць яму чатыры тысячы. Заставалася падзяліць між намі шэсьць тысяч. Тады гэта мне падавалася цудоўным вынікам. Але потым я пераканаўся, што гэтак Колька можа гуляць вельмі рэдка. Акрамя таго, былі выпадкі, калі замест таго, каб прайграць, ён выйграваў, хоць яго супольнік шмат ставіў на праціўніка Колькі. Тады абодва цярпелі значныя страты.