Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 53
Сергей Песецкий
— Старэйшы за цябе?
— Нашмат старэйшы. Але мае ўласны дом і сад… ён не падабаецца мне, але пазнаёмлюся зь ім лепш. Калі будзе да мяне добры і да сына, дык выйду за яго. Буду працаваць для сябе, і хлопец будзе са мною. А сёньня я маю да цябе справу.
— Слухаю.
— Гэтая сэрыя будзе, відаць, апошняю, бо Рэванскі зьедзе потым у Варшаву.
— Ён казаў мне, што зьедзе.
— Такім чынам, работа будзе цяжкаю. Зойме нам вечары тры. Хачу, каб за тую сэрыю ён даў нам па пятнаццаць тысяч. Бо зь яго абяцанак, што ён дасьць болей, калі сам заробіць, мала карысьці.
— Мне цяжка згадваць пра грошы. Да таго ж даў мне гарнітур, даў пасьцелю і трохі рознай драбязы. Калі шчыра, я не магу прасіць яго пра большы заробак.
— Я згадаю, а ты можаш змаўчаць альбо сказаць, што згаджаешся пазаваць за такі заробак, які табе вызначыў.
— А калі ён не пагодзіцца заплаціць табе пятнаццаць тысяч?
— То я ня буду пазаваць. Абяцаю. Я — цьвёрдая.
У чацьвер Рэванскі зноў папрасіў мяне, каб прыйшоў да яго на паўгадзіны раней за мадэльку. Як і раней, ён прыгатаваў каву і каньяк. Пачаў тлумачыць мне «сэнс і лёгіку» апошняй сэрыі здымкаў. Раней абмеркаваў яе сьцісла са мною і Сабінаю, каб нас «псыхічна» падрыхтаваць. Цяпер у яго былі малюнкі ўсёй сэрыі. Была вельмі цяжкаю. Але Рэванскі сказаў, што ўпэўнены, што гэтая сэрыя пойдзе нам лягчэй, чым першая. Нарэшце ён сказаў:
— Ня ведаю, ці будзем рабіць наступныя сэрыі. Хачу ведаць, ці былі мною задаволеныя, бо тады і праца пойдзе лягчэй. Да таго ж дам вам па дваццаць тысяч марак. Па дзесяць тысяч атрымаеце сёньня ды па дзесяць пры апошнім сэансе.
— Я дужа ўдзячны, — прамовіў я ўсьцешана.
— Але жывіце вельмі ашчадна, калі я паеду. Перадусім раю заплаціць за кватэру за некалькі месяцаў. А як з працаю?
— Нічога няма.
— Кепска. Я таксама пытаўся трохі для вас, але ня здолеў нічога знайсьці. Калі нешта будзе ў Варшаве, дам вам знаць.
А шостай прыйшла Сабіна. Я баяўся, што яна адразу скажа пра пажаданьне заробку ў пятнаццаць тысяч. Таму, як толькі ўбачыў яе, сказаў:
— Пан Рэванскі абяцаў даць нам па дваццаць тысяч за апошнюю сэрыю.
— Вельмі прыемна, — сказала мадэлька. — Якраз патрэбны грошы.
Пасьля кароткага абмеркаваньня ўсёй сэрыі мы распачалі працу.
Праца спорылася, бо абое мы пазавалі ахвотна, а я зусім не саромеўся ані прысутнасьці Рэванскага, ані аголенасьці Сабіны. І да гэтай сэрыі дзядок зрабіў некалькі дзясяткаў здымкаў, бо зьбіраўся выбраць найлепшыя зь іх, а пры наступным сэансе паўтарыць тыя, якія будуць слабымі. Мы скончылі працу аб адзінаццатай. Рэванскі даў нам раней прыгатаваныя грошы: па дзесяць тысяч марак. Пры гэтым сказаў:
— Атрымаеце яшчэ па дзесяць тысяч наступным разам. Мне здаецца, што хопіць яшчэ толькі аднаго сэансу, бо сёньня вы пазавалі дасканала.
Мы дамовіліся наступным разам спаткацца ў суботу, а шостай вечара. Калі мы выйшлі ад Рэванскага, я пачаў настойліва прасіць Сабіну, каб яна засталася ў мяне на ноч. Яна не згадзілася. Але абяцала, што калі ў нядзелю будзе мець менш працы, прыйдзе да мяне а восьмай увечары, апошні раз.