Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 52

Сергей Песецкий

Колька не настойваў. Сказаў, што і ён п’е мала, бо алькаголь яму шкодзіць. Незадоўга да заканчэньня вячэры Колька сказаў, што калі захачу яго ўбачыць, трэба прыходзіць у «Чырвоны Штрал». Там, з боку падворка, ёсьць бакавы ўваход у більярдную залю. Колька там гуляе ўвечары. Але трэба рабіць выгляд, што мы незнаёмыя. Затое магу падысьці да яго на вуліцы. Нарэшце ён сказаў:

— Прашу сачыць за мною напачатку кожнай партыі. Калі я выму з кішэні хустку, абатру рукі, а потым схаваю яе ў іншую кішэню, будзе гэта знакам для вас, што гэтую партыю прайграю. Згуляю яе «на спуск». Тады ідзіце ў заклад зь якім-небудзь заўзятарам супраць мяне. Можаце таксама пайсьці ў заклад зь некалькімі заўзятарамі. Пазьней вы вернеце прайгранае мною. Затое з другой партыі вы дасьцё мне, апроч мною прайгранай, палову выйгранай вамі сумы. Але другім разам трэба ісьці ў заклад як найвышэй.

— У мяне будуць грошы толькі ў пятніцу.

— Добра. Прыходзьце, калі захочаце. А я, у адпаведны час, дам вам знак. Бяз гэтага знаку не рабіце ставак, бо заўзятары добра ведаюць гульцоў і робяць стаўкі амаль дакладна. Калі я скончу гульню і выйду зь більярднай, я буду вас чакаць на вуліцы Татарскай. Але першым да мяне не падыходзьце, але ідзіце ў тым напрамку, кудой пайду я. Пасьля я падыду да вас.

— А калі вы выйграеце партыю замест таго, каб прайграць?

— Гэта можа здарыцца, але рэдка. Не рабіце вельмі высокіх ставак на першую партыю. Але другую партыю, калі зноў я дам вам знак, абавязкова прайграю. Таму прашу ставіць тады як найболей. Я дам вам зараз дзьве тысячы марак. Гэта будзе мая дадатковая стаўка. А сваіх грошай стаўце, колькі захочаце.

Я трохі растлумачыў Кольку сваю матэрыяльную сытуацыю. Сказаў, што ў пятніцу буду мець тры тысячы марак, а можа нават і пяць тысяч. Зразумела, не патлумачыў яму, як іх зарабляю, бо, не зважаючы на «філязофію» Рэванскага, я лічыў сваю працу ў яго агіднаю — можа, горшаю за прастытуцыю. Колька, відаць, падумаў, што я зьдзейсьню нейкі крадзеж. Зразумеў гэта зь яго словаў:

— А калі ў чацьвер вы пападзецеся, то буду лічыць мае грошы прайгранымі. Сёньня пазычу вам тысячу марак, каб у вас было трохі грошай да чацьвярга.

Я быў яму вельмі ўдзячны, і мы рассталіся як найлепшыя прыяцелі. На разьвітаньне ён усунуў мне ў кішэню два пачкі папяросаў.

— Прыдадуцца вам, — сказаў. — Без курэньня вельмі цяжка абыходзіцца.

Назаўтра, у аўторак, да мяне ўвечары а восьмай прыйшла Сабіна. Яна не абяцала прыйсьці абавязкова, і таму я вельмі ўзрадваўся яе адведзінам.

— Ці ты рады, што прыйшла?

— Надзвычай!

— Цяжка мне было сёньня. Гасьцей поўны гатэль. Давялося дапамагаць на кухні. Але я хацела разьвітацца з табою, бо гэта апошні раз.

— Маю надзею, што не апошні.

— На жаль, апошні… Ты ведаеш, што ў мяне ёсьць сын?

— Ты нічога мне не казала.

— Дык вось ёсьць. Яму ўжо восем год. Не хачу выхоўваць яго ў гатэлі. Гэта ня месца для дзіцяці. Ён у добрым доме, але я дорага за гэта плачу. Я яго вельмі люблю, бо і мужа кахала. І хачу, каб было ў жыцьці яму добра. Калі пачну жыць распусна, я кепска скончу. Ёсьць сяброўкі, якім госьці добра плацяць. Але гэта заўжды дрэнна канчаецца. Я не хачу мець каханкаў ані за грошы, ані задарма. Можа, яшчэ выйду замуж. Ёсьць такі, які пра мяне клапоціцца.