Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 51
Сергей Песецкий
— Ці не выглядае гэта падазрона?
— У тым вось і справа, — сказаў Колька. — Трэба быць таксама і акторам. Трэба гуляць так, каб выглядала, што намагаешся выйграць.
— Але вам даводзіцца плаціць за прайгранку.
— Так, але здараецца, што я гуляю партыю на тысячу марак і прайграю іх. А мае заўзятары выйграюць дзесяць тысяч. З гэтага атрымліваю потым трэць альбо палову. Гэта залежыць ад дамовы.
— Чаму тады той Куба пачаў біцца?
— Бо быў п’яны. А дачапіўся да таго, што я выйграў партыю, якую трэба было прайграць. Але гэтак склалася, што ня мог яе прайграць, бо выглядала б гэта «на зьліў». Гэта значыць, наўмысная прайгранка. Так што мае заўзятары страцілі сёньня на адной партыі, але зарабілі на дзьвюх наступных. У выніку выйгралі. Але Куба ўпёрся па п’яні, што ён не павінен плаціць мне са сваёй выйгранкі. Ён сам гулец. Сярэдні. І неблагі хлопец. Цудоўна гуляе ў карты. Але калі нап’ецца — невыносны.
— Што зь ім цяпер будзе?
— Ноч праседзіць пад арыштам. Падпіша пратакол, але справу абавязкова «замажуць». Паліцыя яго ведае. Добра, што ня здарылася нічога значнага, бо мог бы разьбіць галаву мне альбо гаспадару рэстарацыі.
— Але ж гарэлка — паскудны напой.
— Ваша праўда! Вып’ем за гэта.
Даўно я ня еў такой смачнай вячэры. Ад гарэлкі пачало віраваць у галаве, але было вельмі весела. Спатканьне зь земляком усьцешыла мяне. Мне падавалася, што гэта варожыць лепшую будучыню. Колька быў кемлівы і добра спрактыкаваны ў жыцьці — можа, таму, што зь дзяцінства кантактаваў з дарослымі, гасьцямі ў рэстарацыі свайго бацькі. Калі я расказаў яму з горыччу, як намагаўся і намагаюся дагэтуль знайсьці працу, ён прызнаўся:
— А я нават не шукаў. Ведаў, што як толькі нешта знайду, дык будзе гэта праца асла для нейкай сьвіньні… Прадалі нас нашы правадыры ў Рызе. Прадалі, як барана, каб хутчэй дарвацца да пасад, да кіраваньня. А жаўнер? Ці ж ён іх цікавіць? Жаўнер-добраахвотнік — гэта наіўняк, які ў імя ўзьнёслых мэтаў будуе для розных махінатараў палацы, а сябе падводзіць пад крымінал. Калі жаўнер быў патрэбны, дык была для яго ежа, абмундзіраваньне, зброя. Калі выканаў сваё заданьне — для яго нічога няма. Ідзі, герой, крадзі, рабуй альбо галадай! Ім прасьцей змагацца са злачынцамі, чым сьцерагчы людзей ад злачынства. Яны робяць так, бо самі бяздумныя. Але на гэтым яны прайграюць. Зрынуцца ідэалы, у імя якіх моладзь ішла змагацца. Збанкрутуюць узьнёслыя лёзунгі. Застанецца толькі іх сапраўдны дэвіз: «Пасьля нас хоць патоп!»
— Чаму не заснаваць грамадзкіх работ, каб даць занятак усім, каму пільна патрэбна праца? Гэта да таго ж акупілася б. Дарогі тут кепскія, рэкі ня чышчаныя…
— Нашто ім тлуміць сабе гэтым галовы. Шынкі ёсьць, кабарэ ёсьць. Яны ведаюць, што спрытнюгі й бязь іх прыстрояцца. А неспрактыкаваныя павыміраюць, знойдуць прытулак у бальніцах і вязьніцах. Ну і праблемы здыме само жыцьцё.
Я размаўляў з Колькам доўга. Зьеў дзьве порцыі гусяціны. Ён хацеў замовіць яшчэ графін гарэлкі, але я запярэчыў. Я адвык ад алькаголю, адчуваў сябе на моцным падпітку.