Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 50
Сергей Песецкий
Колька падскочыў да мяне.
— Хутчэй сыходзь! — сказаў ён. — Зараз тут будзе паліцыя.
Мы выбеглі з шынка на вуліцу. Празь некалькі сот крокаў Колька схапіў мяне за руку і пацягнуў у цёмную нішу каля брамы вялікай камяніцы. Неўзабаве ходнікамі каля нас хапатліва прайшла босая дзеўка. За ёю сьпяшаліся два паліцыянты.
— Цяпер можам ісьці, — сказаў Колька.
Падаліся ў напрамку цэнтру гораду.
— Дзякую вам за дапамогу, — сказаў Колька. — Я ня мог даць яму рады, бо хлопец як вол. А вы, напэўна, ведаеце бокс.
— Ведаю. Я мог бы яго моцна скалечыць, але не хацеў. А праз вашу бойку застаўся галодны. Маю такое паскуднае шчасьце.
— Тады запрашаю вас на вячэру. Таксама хачу есьці. Ведаю добры шынок на Татарскай. Майго знаёмага. Хадзем туды.
Па дарозе Колька сказаў мне, што дэмабілізавалі яго напрыканцы дваццатага году. Ён служыў у войску добраахвотнікам і застаўся ў Вільні, бо ня хоча вяртацца да родных у Менск-Літоўскі.
— Мы землякі, — сказаў яму, — і я зь Менску. Служыў добраахвотнікам, але дэмабілізаваўся толькі ў красавіку. Цяпер шліфую брук у Вільні й шукаю працу.
Колька шчыра мне ўзрадаваўся, бо, як выявілася, у Менску ў нас былі супольныя знаёмыя. Неўзабаве мы сядзелі ў малой рэстарацыі Ворчыка. Была яна вядомая ў горадзе добрымі рыбнымі стравамі. Колька замовіў дзьве порцыі халоднай гусяціны і графін гарэлкі. Я спытаў яго пра прычыну бойкі ў шынку.
— Вы гуляеце ў більярд? — спытаўся ён.
— Не. Ня ведаю гэтай гульні.
— Значыць, цяжка будзе растлумачыць, але я паспрабую. Я — адзін з найлепшых гульцоў у Вільні. У майго бацькі, як я ўжо казаў вам, была рэстарацыя ў Менску, а там былі два більярды. Калі быў малым хлопчыкам, я ўжо спрабаваў гуляць. Ставіў уздоўж більярду крэслы й гуляў, ходзячы па іх. Бацьку гэта забаўляла — і пачаў мяне вучыць гэтай гульні. А калі я вырас, то гуляў вельмі добра. Можа, і ў Менску я быў адным з найлепшых гульцоў. Калі ж па звальненьні з войска апынуўся ў Вільні, дык якраз пачаў жыць з гэтае гульні. Гэтак склалася… Такім чынам, я гуляю на грошы. Звычайна, калі гуляюць добрыя гульцы, заўзятары робяць заклады на тое, хто выйграе. Калі вельмі добры гулец гуляе са слабым, дык звычайна апошняму даюць фору, каб выраўняць шанцы. Таму часта здараецца, што добры гулец прайграе слабейшаму. Але ў нас, майстроў кія, ёсьць свае камбінацыі. Мы дамаўляемся з заўзятарамі й гуляем так, каб наўмысна прайграць, калі маем шанец на выйгранку. У гэты час нашы заўзятары ставяць на слабых гульцоў, якія выйграюць.