Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 49
Сергей Песецкий
— Трыста дваццаць марак, — сказала яна, выціраючы нос далоньню.
Мяне падахвочвала зьвярнуць яе ўвагу, што няветліва абслугоўвае госьця. Але прыйшло мне да галавы, што гэта малааплачваная работніца і не зацікаўленая ў кліентах. Я заплаціў і ўзяўся за ежу. За некалькі столікаў ад мяне, бліжэй да стойкі, сядзелі чацьвёра мужчын. Яны вялі жвавую гутарку, якая была падобная да сваркі. Гаварылі прыцішанымі галасамі, але часам пачыналі амаль крычаць. З урыўкаў размовы я зразумеў, што гаворка ідзе пра падзел нейкіх грошай, а зь іх паводзін было відаць, што двое п’яныя. У пэўны момант адзін зь іх, цьвярозы, узьняўся і сказаў:
— На дурную балбатню няма часу. Колька мае рацыю. Да пабачэньня, Колька!
Падаў далонь аднаму з таварышаў, таксама цьвярозаму, і не зьвяртаючы ўвагі на іншых, выйшаў з шынка. Тады адзін з засталых, высокі, плячысты, сказаў п’яным, грубым голасам:
— Мусіш мне даць дзьве тысячы! Я табе кажу, што мусіш!
— Ты дурны, Куба! Я прайграў дзьве партыі, а ты выйграў. Чаму я павінен даць табе «долю» зь першай партыі, якую выйграў?
— Бо першую ты таксама мусіў прайграць!
— Не было такой дамовы, і я ня мог яе прайграць, бо кожны ведаў бы, што зрабіў гэта наўмысна…
Я пачаў прыслухоўвацца і сачыць за трыма мужчынамі. Той, якога называлі Колькам, меў на сабе пераробленую вайсковую форму, досыць ладна скроеную і з добрага матэрыялу. Я прыйшоў да высновы, што яго нядаўна дэмабілізавалі. У яго быў смуглы твар, цёмныя валасы, і ён ствараў сымпатычнае ўражаньне. Плячысты мужчына, які сварыўся з Колькам і якога называлі Куба, быў непрыемны, паводзіў сябе нахабна. Трэці ня ўблытваўся ў размову, быў п’яны. Куба ўдарыў кулаком у столік так моцна, што шклянкі на ім забразгаталі, а пустая бутэлька ад гарэлкі павалілася.
— А я табе кажу, што я маю рацыю!
— Калі працьверазееш, — адказаў Колька, — дык зразумееш, што ня меў рацыі.
— Маю, — зноў гахнуў кулаком у столік Куба.
З-за стойкі выйшаў рослы мужчына. Быў у камізэльцы і меў закасаныя рукавы ў кашулі. Ён наблізіўся да століка гасьцей, што сварыліся, і сказаў рэзка:
— Прашу не буяніць тут і выйсьці з нашай установы!
— Табе заплацілі? — спытаў яго Куба.
— Заплацілі, але прашу ня біць посуд і не крычаць! Прашу адсюль выйсьці!
Тады Куба, седзячы ў крэсьле, тнуў у жывот гаспадара шынка, які пахіснуўся ад удару і крыкнуў у бок стойкі:
— Фалька, бяжы хутчэй па паліцыю!
Куба ўсхапіўся на ногі, узьняў дагары крэсла, на якім раней сядзеў, і хацеў ударыць ім гаспадара шынка. У гэты момант Колька схапіў крэсла і вырваў яго ад Кубы. Тады Куба цяў яго кулаком у галаву. Колька схапіў яго аберуч за шыю. Яны барукаліся ў праходзе між столікамі. У нейкі момант Куба ўдарыў Кольку кулаком у бок і вырваўся зь яго абдоймаў. Ён адскочыў назад пару крокаў і зірнуў направа, шукаючы якогась прадмету для бойкі. Раптам схапіў з майго століка амаль поўную бутэльку піва. Калі замахваўся, каб ударыць Кольку, піва з адкаркаванай бутэлькі налілося на мяне, а з зачэпленага століка паляцеў на падлогу ўвесь посуд. Агарнула мяне злосьць, бо ж страціў толькі што пачатую вячэру, за якую заплаціў. Я ўсхапіўся зь месца і моцным ударам кулака ў бок амаль зваліў Кубу з ног. Бутэлька вылецела зь яго рукі. Зь перакрыўленым ад злосьці тварам той рушыў на мяне. Гэта быў дужы і моцны мужчына, які зусім ня ўмеў біцца. Я гэта заўважыў напачатку бойкі. Я чакаў яго. Калі Куба узьняў кулак, каб ударыць мяне, адсланяючы сваё тулава і галаву, прамым ударам левай рукі ў жывот і амаль адначасным ударам з паўабароту правага кулака ў сківіцу, я зваліў яго на падлогу. Было відаць, што ён ня можа ўзьняцца.