Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 48
Сергей Песецкий
— Дык вось, некаторыя кватаранты заўважалі, што падчас іх адсутнасьці нехта запальвае ў гэтым пакоі сьвятло.
— Толькі гэта?
— Але здаралася гэта пару разоў.
— Хто тут жыў?
— Маладыя пасьля шлюбу.
— І што далей?
— Аднаго дня, калі вярнуліся дахаты, яны ўбачылі, што шторы на вокнах завешаныя, а ўсе партрэты вісяць дзіўна перакрыўленыя. Наступнага дня кватаранты пакінулі жытло, а праз тыдзень у мяне былі іншыя. Таксама пара, якая нядаўна згуляла вясельле. Аднаго дня на гэтым стале зьявіліся намаляваныя крэйдай два крыжы. Гэта напалохала кватарантаў, але яны ня зьехалі адразу, але за пару дзён. Па вяртаньні дадому яны ўбачылі перакулены дагары нагамі стол, а партрэт майго мужа ляжаў на іх ложку пад коўдраю. Ад таго часу я нікому яго не здавала.
— А хто жыве ў пакоях каля мяне?
— Дзьве сяброўкі,чыноўніцы. Немаладыя жанчыны.
— А ў іх няма прывідаў?
— Не. Яны таксама хацелі адсюль зьехаць, але калі вы засяліліся, яны засталіся. Я ўдзячная вам. Іншыя кватаранты ня будуць цяпер расказваць усім, што ў доме жахі і што ў бібліятэцы ніводны жылец ня можа вытрымаць.
Я доўга маўчаў і ўглядаўся ў вочы Жубжынскай. Яна занепакоілася, змоўкла і ня зводзіла ад мяне вачэй. Праз пэўны час я вымавіў:
— Ну дык і цяпер тут прывіды.
Старая пазірала на мяне з жахам, быццам бы і я быў зданьню.
— І што вы на гэта?
— Нічога. Буду тут жыць далей.
— Вы толькі нікому пра гэта не кажыце. Я думала, што будзе спакой. А цяпер зноў… Калі хочаце, я вярну вам квартплату.
— Ня трэба. Пяцьсот марак штомесяц магу плаціць. Я ўдзячны, што вы зразумелі маю сытуацыю і вызначылі нізкую квартплату.
— А я радая, што вы тут жывяце. А калі здарыцца нешта сур’ёзнае, калі ласка, зьвяртайцеся да мяне і не кажыце нічога ані дворніку, ані іншым жыхарам дому.
Старая сышла з пакою і з таго дня да мяне не прыходзіла. Напэўна, баялася. А можа, лічыла, што яе візыты дакучлівыя для мяне, і не хацела настроіць супраць сябе кватаранта, які выправіў дрэнную рэпутацыю праклятага дому.
7
Лета было гарачае. Вечарамі з ракі, з узгоркаў, з садоў падымаўся рэзкі вецер і ўрываўся ў распаленыя за дзень сонцам вуліцы. Паветра было цёплае, парнае, прачулае. У гэткія вечары горад жыў весела… Я хадзіў сярод людзей і зь цікаўнасьцю назіраў за імі. Я быў цяпер добра апрануты і не вылучаўся сваім выглядам. Але ніякай пацехі я ня мог сабе дазволіць. Маім кіно і тэатрам былі: вуліцы, пляцы, паркі… увесь горад. Аднаго дня я зайшоў у забягалаўку пры вуліцы Запальнай. Замовіў порцыю сьвінячай кілбасы з капустаю і бутэльку піва. Падлічваў у думках, колькі за гэта заплачу і колькі грошай мне застанецца. Рахунак быў нескладаны. Зь яго вынікала, што калі ў чацьвер мы не пачнём здымаць трэцюю сэрыю і Рэванскі ня дасьць мне авансу, у пятніцу ня будзе ў мяне на хлеб. Я меркаваў, аднак, што напэўна атрымаю грошы, бо дзядок прызначыў мне спатканьне ў сваёй майстэрні.
Неахайна ўбраная, расхрыстаная, босая дзеўка прынесла мне замоўленую страву і піва. Яна выцерла бруднаю анучаю столік і амаль шпурнула на яго талерку і бутэльку. Відавочна, яна была злосная і мела чырвоныя ад сьлёз вочы.