Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 44

Сергей Песецкий

Таго ж самага дня, увечары, калі выходзячы ў горад я замыкаў дзьверы, я наклаў у шчыліну між імі запалку. Калі б у час маёй адсутнасьці хто-небудзь увайшоў у пакой, запалка выпала б на падлогу. Калі ўночы я вярнуўся дадому, я знайшоў запалку ў шчыліне дзьвярэй і выняў яе. Я прыйшоў да высновы, што ніхто сёньня ў мой пакой не ўваходзіў. На ноч я прыставіў да дзьвярэй вялікае, цяжкое крэсла і прывязаў сьпінку да клямкі.

Мы скончылі другую сэрыю здымкаў. Яна была вельмі цяжкая, і дарма што мы пазавалі з Сабінаю добра, работа заняла нам два вечары.

Агулам Рэванскі зрабіў дваццаць здымкаў і выбраў зь іх шэсьць найлепшых. Ён паказаў іх мне і спытаў:

— Якія ўражаньні выклікае другая сэрыя? Калі ласка, скажаце шчыра. Забудзьцеся аб тым, што вы пазавалі для яе. Ацаніце яе, параўнайце зь першай сэрыяй і з усімі здымкамі гэткага роду, якія вы бачылі.

Я ўважліва прагледзеў фатаздымкі. Ні сябе, ані Сабіны на іх я не пазнаў, бо нашы твары былі схаваныя. Я бачыў толькі выгнутыя ў юрлівых позах два голыя целы і іх адбіткі ў люстрах.

— Гэтая сэрыя падаецца мне значна горшаю, гэта значыць, менш эстэтычнаю. Яна празьмерна дражніць, і бачна, што штучныя позы маюць мэтаю ўзбудзіць гледачоў. Папросту лічу гэтыя фатаздымкі парнаграфіяй.

— Дзякую за шчырае меркаваньне. Але, калі ласка, скажаце, ці гэтыя здымкі цікавыя? Ці цікавяць яны як эратычная дзея?

Я адказаў пытаньнем:

— А ці цікавяць яны вас?

Рэванскі засьмяяўся.

— Даражэнькі, — сказаў ён, — для мяне, у маім веку і з маім досьведам, гэта зусім нецікава. Я перажыў вельмі шмат сардэчных прыгод. А вашы адчуваньні яшчэ сьвежыя, нэрвы моцныя. Вы рэагуеце на гэтыя справы па-здароваму, натуральна. Таму мне і цікавыя вашы адчуваньні.

— Мяне яны непакояць і саромяць. Я з прыемнасьцю гляджу на жанчыну, бо яна прыгожая. Але калі яна штучна пазуе разам з мужчынам, то яна быццам бы тушуецца. Падаецца мне нават грубай. Так сама і мужчына. Выстаўляе тое, што ёсьць вельмі інтымным. Гэткім чынам зьневажае і сябе, і каханьне.

Рэванскі пачаў казаць ціха, павольна:

— Вы мяне зьдзівілі. Выявілася, што вы рамантык. Не забілі гэтага ў вас жыцьцёвы досьвед, галеча, зьнявага. Вы мне нагадваеце мяне самога ў маладосьці, бо я таксама быў рамантыкам, выхаваным на ўзорах мастацкай літаратуры. Сапраўды мастацкай, дзе каханьне — узьнёслае, словы — праўдзівыя, жанчына — аздоба жыцьця і яго кветка, аб якой гаворыцца і думаецца чыста, з найвялікшай пашанай. Але ж вы былі ў войску і ведаеце, якое стаўленьне да кабеты сярод жаўнераў… нават інтэлігентных. Вы ведаеце?