Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 42
Сергей Песецкий
Я расхваляваўся.
— Але тады, прабачце, «ён» выгнаў бы мяне зь бібліятэкі. Пачаў бы страшыць, хадзіць, ці ведаю я…
Жубжынская ўздыхнула і пайшла пільнаваць дом ад злодзеяў, а я падаўся ў камісарыят, каб прапісаць Міхала Лубеня, які жыве ў доме ўдавы Брыгіды Жубжынскай. У той жа дзень увечары я позна вяртаўся дадому. Падыходзячы да камяніцы, затрымаўся на супрацьлеглым баку вуліцы і зірнуў уверх. Я пачаў шукаць зрокам балькон і вокны майго пакою. Знайшоў іх, і дзіўная рэч — заўважыў, што ўсярэдзіне гарыць сьвятло. Я ня даў веры вачам. Я памятаў, што выходзячы з дому не запальваў сьвятла. Зрэшты, гэта не было сьвятло электрычнай лямпачкі, але газавай лямпы альбо сьвечкі. Падумаў нават, што я памыліўся. Уважліва пералічыў чатыры доўгія шэрагі вокнаў і пераканаўся, што ў маім пакоі сапраўды гарыць сьвятло. Зрэшты, цяжка было памыліцца. Бібліятэка месьцілася ў вялікай залі з двума вокнамі і дзьвярыма, што вялі на балькон. Узіраючыся даўжэй уверх, заўважыў, што сьвятло некалькі разоў пераносілася зь месца на месца. Не было сумневу: нехта ходзіць па маім пакоі. «Можа, гаспадыня? Але навошта? Ведаю, што ніколі не пагодзіцца ўвайсьці ўночы ў бібліятэку, у якой — як сама сказала, — ня мог затрымацца ніводны кватарант. У гэткім разе хто? Ключ у мяне… Толькі злодзеі… Сапраўды, жыхары камяніцы маюць такія дзіўныя прозьвішчы, што…»
Я пасьпешна ўздымаўся цёмнымі сходамі ўверх. Паволі адчыніў дзьверы зь лесьвічнай пляцоўкі да калідорыка і падышоў на дыбачках да бібліятэкі. Нейкае імгненьне я прыслухоўваўся. Усярэдзіне было ціха. Я спрабаваў зазірнуць усярэдзіну празь дзірку для ключа. Але было там цёмна. Ціхенька адчыніў дзьверы. Ускочыў у пакой. Крутануў уключальнік ля акна. Залю заліло сьвятло. Яна была пустая. Нічога ня сьведчыла тут аб нядаўняй прысутнасьці чалавека. Я агледзеў увесь пакой. Пад пільным позіркам вісячага над ложкам партрэту мужа пані Жубжынскай правёў дасьледаваньне. Зазірнуў у камін і пад ложак. Паўсюль пуста. Я зьбянтэжыўся. «Няўжо злодзей уцёк? А можа, гэта быў водбліск сьвятла зь іншых дамоў? Можа, сьвятло вулічнага ліхтара гэткім чынам падала на мае вокны?»
Зрабіў досьлед: пакінуў запаленую электрычнасьць і выйшаў на вуліцу ды з таго самага месца, дзе стаяў раней, зірнуў уверх. У бібліятэцы гарэла сьвятло, такое, як і ў іншых вокнах верхняга паверху. Вярнуўся ў пакой, згасіў электрычнасьць і зноў выйшаў на двор. Вокны бібліятэкі былі зусім цёмныя. Цяпер ня меў сумненьняў, што раней нехта быў у маім пакоі. Я доўга хадзіў па залі, намагаючыся разгадаць гэтую загадку. Некалькі разоў пазіраў у кірунку партрэту над ложкам. Накінуў зьверху стары ручнік гэтак, каб закрываў галаву і грудзі выявы мужа пані Жубжынскай. Потым я пачаў лічыць партрэты, што віселі абапал залі. Партрэт пад маім ложкам быў трынаццаты. Я ня быў прымхлівы, але гэтым разам вылаяўся. Замкнуў дзьверы на ключ і схаваў яго ў кішэні. Потым распрануўся і ўлез пад коўдру. Доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Прыпамінаў сабе аповеды гаспадыні пра кватарантаў «Сапраўды незвычайны дом. Трэба дасьледаваць пакой удзень. Гэта не магло мне падацца».