Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 45
Сергей Песецкий
— Звычайнае.
— Звычайнае? Гэта значыць утылітарнае, а шмат у каго «спартовае», у тым сэнсе, што здабыча жанчыны лічыцца перамогай і ўчынкам, якім выхваляюцца. Такім чынам жанчына скідаецца ў сьцёкавую канаву як прылада дасягненьня асалоды.
— Сапраўды, размовы аб жанчынах былі вульгарныя.
— А то ж, — падхапіў Рэванскі, — вульгарныя. А калі б вы, напрыклад, запратэставалі супраць вульгарнасьці, як бы на вас паглядзелі калегі?
— Відаць, засьмяялі б.
— Так! Сапраўды! Вы выглядалі б рыцарам з старога раману, які хавае на грудзёх хустачку ці пальчатку ня толькі «сваёй дамы сэрца», але ўсіх «дам». Бо цяпер стаўленьне да жанчын цынічнае, на публіцы замаскаванае цалаваньнем ручак, выказваньнем камплімэнтаў, саступаньнем месца… Я, прабачце, у маладосьці меў дуэль за гонар кабеты. Я ставіўся да кожнай кабеты з найвялікшай пашанай, як да слабейшай, вытанчанай істоты. Але пасьля пераканаўся, што так думае і робіць толькі адзін рамантык на дзевяноста дзевяць цынікаў. Зразумела, цынікаў прыхаваных, часам пад вельмі добрымі манерамі і ўзьнёслымі словамі… Але бліжэй да таго, што я хачу вам сказаць. Гэтыя фатаздымкі не што іншае, як выяўленьне размоваў, думак, ды нават і ўчынкаў большасьці мужчынаў. Можа, яны нават зьяўляюцца здароваю часткаю іх размоў і думак. Здароваю, бо натуральнаю і сьмелаю.
— Мяне зацікавіла адна справа, але трошкі нязручна вас запытацца.
— Калі ласка, адкажу шчыра, калі наогул здолею адказаць.
— Вы адукаваны чалавек і, як бы гэта сказаць, салідны, а прадаяце гэтыя здымкі й нават іх вырабляеце. Да таго ж гэта ня ваша рамяство.
— Ага! — падхапіў маю думку Рэванскі. — Вы хочаце спытацца: чаму і дзеля чаго я абраў сабе такі занятак? Ня буду пра сябе шмат расказваць, хаця гісторыя мая цікавая і павучальная. Але, каб адказаць на пытаньне, крыху вярнуся назад. Мне ніколі не прыходзіў да галавы такі занятак. Але ўблытаўся шаноўны пан Выпадак. Выпадак, які недарэку робіць міністрам, папялушку зоркаю салёнаў, Сабіну служкаю, а вас, поўнага сілы і ахвоты да працы, беспрацоўным. Словам, мяшае людзей, як кухарка суп у гаршку. Гэтак у сямнаццатым годзе я атрымаў на захаваньне куфар рэчаў, які быў уласнасьцю аднаго вельмі адукаванага і добра вядомага ў Ленінградзе чалавека. Ня буду называць яго прозьвішча, становішча і гэтак далей. Чалавек той згінуў у віхуры рэвалюцыі. Я апынуўся з дачкою ў Вільні, вывозячы частку сваіх ацалелых рэчаў, якія мелі малую вартасьць, і яго куфар. Меў шчасьце здабыць месца ў рэпатрыяцыйным польскім цягніку. У Вільні пасяліўся ў гатэлі, дзе працуе Сабіна. Меў крыху біжутэрыі й трохі грошай золатам, якія хутка вытраціў на жыцьцё. Урэшце абсьледаваў аддадзены мне на захаваньне куфар. Было там трохі вопраткі, абутку, кніжак. Але я знайшоў таксама два альбомы здымкаў, падобных да гэткіх, што вам паказваў. Апроч таго, было мноства здымкаў у капэртах, складзеных паводле відаў, ды нават краін і рас. Выявілася, што ў мяне вялікая калекцыя такіх фатаздымкаў. Былі там здымкі сэрыйныя і адзінкавыя, аматарскія. Агулам каля трох тысяч асобнікаў. Ня ведаў, як тут быць. Але паказаў пару сэрый пакаёўцы ў гатэлі й спытаў, ці можна іх прадаць. Яна прадала хутка і папрасіла яшчэ. Яна плаціла вельмі добра. Тады я зацікавіўся справай усур’ёз… Я лічыў, што знайшоў крыніцу дастатку, бо ні на якую працу ня мог разьлічваць, але ж трэба было жыць і выхоўваць дачку. Паступова мае знаёмствы пашыраліся. Я знайшоў некалькі добрых агентаў для продажу такіх здымкаў. Знайшоў таксама крыніцы для іх аптовага закупу. Адну дарагую — у Вільні, другую танную — у Варшаве. Вырабіў нават некалькі дзясяткаў здымкаў… але толькі тады, калі знайшоў жытло і абсталяваў студыю. Першыя мае здымкі былі кепскімі. Цяпер маю добрыя сэрыі й паспрабую знайсьці на іх пакупнікоў у Варшаве. Калі мне пашчасьціць, мая сытуацыя палепшыцца. Рэч у тым, што францускія фатаздммкі гэткага роду маюць досыць высокую якасьць і таму дарагія. Я спрабую зь імі канкураваць. Маю адну надзвычайную сэрыю. Другая таксама добрая. Зробім яшчэ адну, і я паеду ў Варшаву. Калі мае аптавікі замовяць іх у вялікай колькасьці, выраблю яшчэ некалькі сэрый.