Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 43
Сергей Песецкий
Заснуў, забыўшыся згасіць сьвятло. Была ноч. Пабудзіў мяне нечы шэпт: «Пане Лубень, пане Лубень!». Я сеў на ложку і ўбачыў перад сабою постаць Жубжынскай, якая трымцела. У яе быў жахліва перакрыўлены твар.
— Што гэта? Што з вамі?
— Цішэй… Яны там! — паказала яна пальцам на дзьверы.
Я пачуў шум у калідоры. Хацеў ціхенька падысьці да дзьвярэй, але старая, чапляючыся за мяне ў роспачы рукамі, не пусьціла.
— Можа, тут ёсьць нейкае іншае выйсьце? — запытаўся я. — А можа, паклікаць людзей?
— Ціха… ціха… Яны паўсюль. І там таксама, паказала яна на балькон.
— Што ж рабіць?
— Бярыце гэта… — яна выняла з фальбонаў сукенкі шаблю. — Гэта яго шабля, супраць яе ніхто на абароніцца, толькі ён…
У гэты момант дзьверы імкліва адчыніліся і ў пакой увалілася некалькі дзясяткаў людзей дзіўнага выгляду. Іх вочы палалі шаленствам. Суцэльным масівам яны пасоўваліся да нас. Я стаў між вялікай шафай ды высокай, масіўнай сьпінкай ложка. Старая прысела на кукішкі за мной на падлозе. Мая пазыцыя была зручная, і я мог адтуль лёгка бараніцца. Людзі, якія атакавалі нас, мелі ў руках нажы і кіі. Некаторыя зь іх былі толькі ў бялізьне. Сярод іх было некалькі жанчын… Шалёныя, агідныя фурыі. Старая шаптала ззаду:
— Яны хочуць забіць нас, пане! Будзьце ўважлівыя. Абы пратрымацца да ранку… Той першы — гэта Экразыт Цэлестын, направа ад яго Гроб Яхім, налева Кашмар Медард, за ім Страшны Гірш, а з боку Гроб Ружа, — шаптала старая.
Бойка працягвалася. Я адбіваў шабляю ўдары кіямі й не дапускаў узброеных пачвараў наблізіцца да мяне. Хаця бойка была зацятаю, людзі, што былі ў залі, не падавалі ніводнага гуку. Ніхто зь іх не азваўся ані словам. Чуў толькі шэпты Жубжынскай:
— Толькі да раніцы, пане! Толькі да раніцы…
Я ўбачыў, што волат, якога старая назвала Мёртвым Адонам, узьняў уверх вялізны стол, на якім насела некалькі чалавек, і паволі ішоў з гэтым цяжарам у маім кірунку. Ён шпурнуў сталом у мяне. Я адскочыў убок і стаў на ложак. Я адбіваў удары, але сілы мае згасалі. У нейкі момант я абапёрся плячыма аб партрэт мужа Жубжынскай. Раптам адчуў, што на шыі ззаду сьціскаюцца халодныя, касьцістыя пальцы. Да маіх вушэй даляцеў распачлівы крык старой:
— Гэта ён вас душыць! Нябожчык!
Я тнуў шабляю ўзад, праз галаву, але ціск пальцаў на маім горле не аслабеў. У маіх вачах пацямнела, не ставала паветра.
Я прачнуўся, аберуч скідаючы ручнік, які закрываў мне твар. Мабыць, ён зваліўся ўночы з партрэту. Залю залівала сьвятло электрычнай лямпачкі. За акном віднела. Паўсюль панавала ціша. Я зірнуў уверх. Мне падалося, што галава мужа Жубжынскай высунулася з партрэту і назірае за мной злымі вачыма.
Я выйшаў на балькон. Горад ляжаў ціхі, сонны. Удалечыні гойдалася над дахамі сівая імгла. Акалелы вярнуўся ў пакой і лёг у ложак. Калі зусім разьвіднела, узьняўся, апрануўся і пачаў аглядаць увесь пакой. Не знайшоў ніводнага схаванага ўваходу. Шафы былі зашклёныя, і я бачыў у іх мноства кніжак. Зрабіў выснову, што нехта мае ключ да майго пакою і ўчора ўвечары ўвайшоў у яго. Можа, хацеў пабачыць, як я жыву, можа, забраў нешта там схаванае? Я думаў і пра гаспадыню, якая, безумоўна, мае запасны ключ ад майго пакою. Але я ведаў, што яна нават удзень не пачувалася тут спакойнаю. Таму, напэўна, яна не прыйшла б у гэтую залю ў цемры. У мяне не было, аднак, сумневаў, што нехта мае ключ і ўчора ўваходзіў сюды. Дзіўна было, аднак, што ён пасьпеў хутка выйсьці — калі я ўздымаўся ўверх — і што мы не спаткаліся ні на сходах, ні на калідоры. Таму прыйшло мне да галавы, што быў тут нехта з жыхароў двух асобных пакояў, зь якіх выходзілі дзьверы на наш супольны калідорык. У іх вокнах я бачыў учора сьвятло. Я вырашыў запытаць гаспадыню, хто жыве каля мяне. Але не зьбіраўся казаць ні пра жудасны сон, а ні пра таямнічы візыт у мой пакой.