Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 46

Сергей Песецкий

— Калі вы паедзеце ў Варшаву?

— Як толькі скончу трэцюю сэрыю. Яна будзе вельмі цяжкаю, і папрацуем над ёю некалькі вечароў. Я заплачу за яе вам і мадэльны двайную цану.

Таго ж дня Рэванскі даў мне адзежу і адрас краўца, які мог бы танна яе перашыць. Гарнітур быў цёмна-шэры, зь вельмі дарагога матэрыялу. Я пайшоў да краўца, які згадзіўся за чатыры тысячы марак перарабіць адзежу пад мяне. Ён зрабіў гэта хутка, і за два дні ў мяне быў элеганцкі гарнітур. Мая кепі адпавядала ўбраньню, але я вымушаны быў купіць дзьве кашулі з каўнерыкамі, гальштук і ўжываныя, але вельмі добрыя чаравікі. Аднак мяне непакоіла, што я вытраціў вельмі шмат грошай. За пазаваньне я атрымаў шаснаццаць тысяч марак. Сума гэтая была роўная месячнаму заробку кепска аплачванага чыноўніка альбо паліцыянта. Тым часам я выдаткаваў шэсьць тысяч на ежу і курава, восем тысяч на куплі і на краўца. Засталося мне дзьве тысячы. З ранейшых грошай за гарнітур і гадзіньнік — у мяне было яшчэ каля дзьвюх тысяч. Агулам амаль чатыры тысячы. Зь імі можна было вельмі сьціпла пражыць два тыдні. Таму абяцаньне Рэванскага, што заплаціць за трэцюю сэрыю здымкаў падвойна, вельмі суцяшала мяне. Пачаць працу мы зьбіраліся празь некалькі дзён.

Штодзень я хадзіў на Біржу працы і заўсёды атрымліваў паведамленьне, што для мяне нічога няма. Фактычна я страціў надзею, што атрымаю якую-небудзь працу, бо бачыў, што нават добрыя прафэсіяналы некалькі месяцаў ня могуць знайсьці работы. А беспрацоўных рэгістравалася ўсё больш, і чарга была велізарная. Значную частку беспрацоўных складалі дэмабілізаваныя вайскоўцы. Шмат зь іх былі добраахвотнікамі, якія не маглі вярнуцца да родных, якія засталіся за мяжой па сканчэньні вайны. Я размаўляў зь імі і, слухаючы іх споведзі, зразумеў, што сытуацыя ў многіх вельмі трагічная. Асабліва цяжка было тым, хто меў на ўтрыманьні вялікія сем’і. Мне нават падалося, што проці іх я заможны. Я саромеўся ісьці ў бюро ў лепшай вопратцы, бо выглядаў добра забясьпечаным чалавекам, які дамагаецца працы, гэтак патрэбнай людзям, якія жывуць у крайняй галечы. У сапраўднасьці мая сытуацыя не была цалкам ружоваю. Пакуль я маю пакой і добра апрануты. Але з чаго буду жыць, калі скончыцца мая праца ў Рэванскага? А аднаго дня стары сказаў мне, што калі яму добра пашчасьціць, ён зьбіраецца пераехаць у Варшаву настала. Гэта ўсё не суцяшала, але жывіла надзея, што здарыцца нешта, што дазволіць мне знайсьці сталую працу.