Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 40
Сергей Песецкий
— Вялікі дзякуй. Але вы можаце прадаць вопратку. Мне прыкра браць дарагую рэч задарма.
— Зусім не дарма. Вы мне патрэбны. Я магу зарабіць на вашай працы. Я гэтага гарнітуру не купляў. Дам яго вам за пару дзён, бо мушу распакаваць куфар. У мяне тая рэч дарэмна марнуецца без карысьці, а вам прыдасца.
Таго ж дня ўвечары я чакаў прыходу Сабіны. Адчыніў дзьверы на балькон, бо мінулым разам сказала мне, што ў пакоі затха. Уваходныя дзьверы з калідору не замыкаў на ключ. Праз вокны на столь падалі расьцярушаныя прамяні сьвятла вулічнага ліхтара. Дальняя частка залі патанала ў змроку, зь якога вынырвалі мглістыя абрысы твараў на партрэтах. Сабіна трохі запазьнілася. Я пачаў быў непакоіцца, але пачуў ціхі рып дзьвярэй са сходаў у калідорык. Потым прагучаў лёгкі шоргат асьцярожных крокаў. Я хапатліва адчыніў дзьверы і запаліў сьвятло, але Сабіна зараз жа яго згасіла.
— Так прыемней. Ты ж мяне бачыш. Я спазьнілася трохі, бо мела сёньня дадатковую работу. Ведаеш: ішла сюды і думала, што дурная, бо баўлюся з табою ў каханьне. Ты павінен знайсьці сабе маладую дзяўчыну, такую, ведаеш, якая мае бацькоў, дом альбо жытло. Было б тады табе лепей.
— Я не хачу ніякай маладой дзяўчыны. Ты падабаешся мне больш, чым усе іншыя кабеты.
— Ты думаў пра мяне?
— Увесь час.
— А хоць трохі кахаеш мяне?
— Ня ведаю. Можа, вельмі кахаю.
— Ведаю, як ты кахаеш. Але няхай ужо так будзе.
Яна ўздыхнула. Адчуў, што яна засмучаная. Напэўна, не пра такое каханьне яна думала. Таму я намагаўся быць да яе вельмі чулым і ўдзячным.
6
Ужо трэці тыдзень я жыву ў камяніцы пані Жубжынскай. Кожную пару дзён старая грукаецца ранкам у мае дзьверы і пытаецца: то пра здароўе, то пра розную драбязу. Кожным разам, калі мы бачымся, чытаю ў яе вачах зьдзіўленьне і як бы расчараваньне. Відаць, яна меркавала, што яе духі ў нейкую ноч мяне заб’юць.
Учора яна прыйшла з дамавой кнігаю і напрасіла, каб я зарэгістраваўся ў камісарыяце паліцыі. «Не дачакалася ані майго скону, ані ўцёкаў зь бібліятэкі».
— Зразумейце, мне няёмка, але рознае бывае… — жвава рыпела старая. — А можа, вы прапішаце яшчэ аднаго кватаранта? Цяжка мне. Дворнік п’яніца, паўсюль злодзеі, усё нішчыцца. Толькі загледзішся, як абяруць да апошняй ніткі. Я, выбачайце, толькі да Рэванскага маю давер.
— Ён варты таго. Вельмі паважаны чалавек.
— Так. І да вас таксама, бо вы жывяце па яго рэкамэндацыі. Гэта адзіны прыстойны чалавек у камяніцы. А рэшта злодзеі, шэльмы! Цікуюць толькі, каб дзе што скрасьці, а найперш у мяне, — яна ўдарыла сябе ў грудзі.
— Аднак я бачу тут людзей добра апранутых і выхаваных.
— Што? Вы бачыце добра апранутых людзей? Глупства, пане! Гэта для таго, каб увесьці мяне ў зман. Усоніць чуйнасьць. Я выдатна гэта разумею і разьбіраюся ў гэтым. А зрэшты, навошта я вам гэта кажу? Зараз вы самі пераканаецеся…
Гаспадыня хапатліва падышла да стала, села і разгарнула кнігу, у якой быў сьпіс кватарантаў. Яна зірнула на мяне шматзначна і састроіла ўрачыстую міну.
— Тут відавочныя доказы. Так, доказы! — сказала яна з націскам. — Прашу зьвярнуць увагу на прозьвішчы маіх кватарантаў паводле альфабэту. І вы мяне зразумееце.