Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 38
Сергей Песецкий
— Вы ўжываеце нейкую прыемную парфуму.
— Хачу спадабацца пану Міхалу, — прамовіла Сабіна, — бо мінулым разам наогул мною не зацікавіўся.
— А мне падаецца, што занадта зацікавіўся. Таму і здымкі няўдалыя.
— Усе кепскія?
— Не. Адзін дасканалы, адзін добры, але рэшта не пасуе да сэрыі. Зараз пакажу.
Мы страцілі палову гадзіны на абмеркаваньне здымкаў. Я выпіў другую філіжанку кавы і некалькі кілішкаў каньяку. Я быў вясёлы і адчуваў, што сёньня праца пойдзе добра. Сапраўды, калі пачалі мы працу, я прымаў кожную позу свабодна. Рэванскі амаль не зьвяртаўся да нас. Раз-пораз чуў яго вокрыкі: «Цяпер выдатна! Прашу так затрымацца!» Да дзявятай гадзіны мы скончылі ўсю сэрыю і паўтарылі першыя здымкі, якія Рэванскі палічыў добрымі. Сабіна прапанавала яшчэ адну позу — на запас — а стары ёю зацікавіўся. Сфатаграфаваў нас у такой пазыцыі тройчы. Я бачыў, што Рэванскі захоплены нашай работаю — як гульнёю. Сабіна нават імправізавала, дапускаючы дробныя зьмены і зьвяртаючы на гэта ўвагу дзядка: «Мяркую, што так будзе лепей». Пры разьвітаньні мы ўмовіліся спаткацца працаваць над другой сэрыяй на наступны чацьвер а шостай увечары. Рэванскі даў нам дадаткова па тры тысячы марак. Ён папрасіў мяне, каб прыйшоў да яго назаўтра пасьля палудня прагледзець вырабленыя здымкі.
Калі я выйшаў разам з Сабінаю з кватэры Рэванскага, я быў упэўнены, што яна застанецца ў мяне на ноч. Але на сходах мадэлька падала мне руку.
— Дабранач! — сказала.
— Ты ня зойдзеш да мяне? Занятая?
— Магла б застацца, але не хачу.
— Чаму?
Яна сьціснула мне мацней далонь і сказала:
— Паслухай мяне і зразумей. Каханкаю тваёю я не хачу быць. Ты не ажэнішся са мной, бо не пасуем адно аднаму. Я нашмат старэйшая. Таму не хачу да цябе прызвычайвацца. Да таго ж ты мяне не кахаеш… Вось, бачыш… — працягвала. — Ты сумленны, бо іншы б цяпер мазаў вочы: «Ах, як кахаю! Да сьмерці!..» Ты бядак, і я бедная. Ня будзем дурыць сабе галавы каханьнем.
— А я ўвесь час цешыўся, — сказаў я шчыра і з жалем, — што зараз да мяне прыйдзеш. Таму пазаваў з табою добра. Думаў, што нібыта кахаемся, але неўзабаве будзем кахацца папраўдзе.
— Гэта не «папраўдзе». Гэта таксама «нібыта». Разумееш?
— Ты ня зойдзеш да мяне?
— Не.
Яна пайшла сходамі ўніз. Накіраваўся за ёю. Пасьля, ідучы ходнікам каля Сабіны, сказаў:
— Шкада. Давядзецца пайсьці да іншай. Нават да якой вулічнай дзеўкі. Я ўзбудзіўся з табою і цяпер не супакоюся.
Мы дайшлі да рогу вуліцы. Сабіна затрымалася і сказала:
— Далей я пайду сама.
— Добра. Не набіваюся. Можаш ісьці. Дабранач!
Я падаўся ў супрацьлеглым напрамку.
— Пачакай! — паклікала Сабіна.
Вярнуўся. Уцягнула мяне да нішы брамы, абхапіла ва шыю і пацалавала.
— Гэта на дабранач. А ў аўторак увечары прыйду да цябе а восьмай. Разумееш? Але пакуль мы працуем разам, не хадзі ні да якой кабеты. Добра?
— Згода. Дзякую табе.
Сабіна сышла. Я скіраваўся на супрацьлеглы бок вуліцы і назіраў за ёю здаля. Ходнікамі ішло мноства людзей. Я бачыў шмат прывабна апранутых кабет. Некаторыя ішлі пад руку з мужчынамі. Сярод іх Сабіна выглядала сьціпла, звычайна. Але я быў споўнены, што яна прыгажэйшая за ўсіх. Пры вуліцы Вялікай Сабіна ўвайшла ў вялікі, ня вельмі папулярны ў Вільні гатэль. Якраз там яна працавала. Пазьней я даведаўся, што работа яе вельмі цяжкая, а аплата мізэрная.