Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 39

Сергей Песецкий

Назаўтра я зайшоў да Рэванскага. Ён ужо вырабіў усе здымкі, ды нават расклаў іх у сэрыю, якую ўрачыста мне паказаў.

— Гляньце! Гэта найлепшая сэрыя, якую я бачыў! Ці ж можна гэта назваць парнаграфіяй? Гэта гармонія целаў, застылых у рухах, як скульптура. Калі гэта парнаграфія, дык і мноства прыгожых скульптураў, напрыклад, «Пацалунак» Радэна, таксама парнаграфія. Гэтая сэрыя будзе мець посьпех. Дзякую вам.

— Гэта заслуга мадэлькі. Я толькі дэкарацыя пры ёй. Як вы лічыце, ці гэта ня нонсэнс, што ў такой прыгожай жанчыны такая горкая доля ў жыцьці?

— Але ж у жыцьці пераважна так і ёсьць. Золата, срэбра, медзь тонуць у ім, яку балоце. А наверх выплываюць бурбалкі, пляўкі, салома, сьмецьце, гной. Таму дрэнна ў сьвеце, што добрыя месцы займаюць у ім не найлепшыя, а найгоршыя. Папросту нахабныя спрытнюгі. Гэтак ня толькі зь людзьмі, але і з праўдай, якая гіне над уплывам ашуканства. Але пяройдзем да нашай працы. Дык вось, заахвочаны гэтай сэрыяй, я хачу выканаць наступную, вельмі цяжкую. Калі нам гэта ўдасца, я буду вельмі задаволены. Можа, знойдзеце ў аўторак пару вольных гадзін і дапаможаце мне прыгатаваць месца ў майстэрні для наступных здымкаў?

— Вельмі ахвотна.

Мы дамовіліся з Рэванскім, што прыйду да яго адразу ж па вяртаньні зь Біржы працы. Гэтак я і зрабіў. Ён чакаў мяне ў майстэрні. Зьбіраўся задэкараваць правы кут пакою, каб выглядаў як частка прыгожага будуару. Трэба было павесіць на сьцяне кілімы, разаслаць на падлозе вялікі дыван і ўмацаваць пад простым кутом дзьве вялікія люстры, якія — як сказаў Рэванскі — дададуць цікавы эфэкт, паказваючы постаці мадэляў з розных бакоў. Стары ўвесь час нешта папраўляў ці зьмяняў. Нарэшце ён завесіў вокны і асьвятліў рэфлектарамі абстаўлены намі кут майстэрні. Ён папрасіў, каб я стаў перад люстрам. Ён бачыў, што ён няўпэўнены, ці прыдуманая ім дэкарацыя будзе добраю. Каб памагчы яму зарыентавацца, я прапанаваў выканаць пробныя здымкі.

— Якраз я хацеў аб гэтым папрасіць, — мовіў Рэванскі, — але мне нязручна вас турбаваць.

— Калі ласка. У мяне досыць вольнага часу. Лепш зробім колькі проб цяпер, а калі прыйдзе мадэлька, адразу распачнём працу.

Рэванскі зрабіў некалькі здымкаў, зьмяняючы мае позы, месцы перад люстрам і асьвятленьне. Потым ён запрасіў мяне на абед. Мы пайшлі ў бязьлюдную рэстарацыю. Стары замовіў добры і дарагі абед. У пэўны момант спытаў мяне, колькі ў мяне грошай. Я адказаў:

— Сем тысяч марак і трохі драбязы.

— Пытаюся не празь цікавасьць, патлумачыў ён, — але таму, што л хачу дапамагчы вам па-цывільнаму апрануцца. У гэтым вайсковым строі вы вылучаецеся сярод атачэньня. Гэта прыкра. А я маю непатрэбную вопратку. Мне далі яе на захаваньне, але ўласьнік яе памёр. Вопратка трывалая, з добрага матэрыялу, трэба толькі перарабіць яе пад вас. Мяркую, што гэта будзе каштаваць каля пяці тысяч марак.