Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 37

Сергей Песецкий

— Вып’ем кавы, бо работа сёньня зацягнецца надоўга, — сказаў Рэванскі.

Ён яўна хацеў мяне падпаіць, каб я сьмялей пазаваў. Сам з прыемнасьцю выпіў філіжанку моцнай кавы. Час ад часу заахвочваў мяне выпіць каньяку. Адначасова расказваў далікатныя гісторыі пра дамы спатканьняў у Варшаве. Перайшоў на апавяданьні пра дамы распусты ў розных краінах, пра новыя салёны ў Парыжы. Мяне гэта нудзіла, бо я меў здаровыя інстынкты і вытанчаная эротыка мяне не цікавіла. У пэўны момант я спытаў:

— Каму і навошта патрэбны здымкі, якія вы вырабляеце?

Ён зірнуў на мяне са шчырым зьдзіўленьнем, быццам бы я сказаў вялікае глупства.

— Хм… Яны патрэбныя многім людзям. Адным, каб распаляцца, калі маюць прытупленае адчуваньне, іншым — каб адчуваньні прытупіць праз заспакаеньне эратычнага інтарэсу. Некаторых, мабыць, падахвочвае да палавога жыцьця. Але, каб гэта абагульніць, мяркую, што падобныя здымкі лечаць хворыя фантазіі, бо цалкам здымаюць таямніцу. Потым настае заспакаеньне, перасычанасьць ды нават нуда. Чалавека найбольш цікавіць тое, што забаронена, і тое, што схавана. Я бачыў некалі каляровы малюнак. У вялікай залі рэстарацыі сядзяць за столікамі добра ўбраныя госьці, пераважна мужчыны. Пасярод залі танчыць голая кабета, прыкрываючыся толькі стравусіным пяром. Але ўсе мужчынскія галовы зьвернуты не да танцоркі, але да аднаго са столікаў, дзе кабета, якая сядзіць на крэсьле, узьняла трохі спадніцу і папраўляе на сьцягне зашпілкі, што трымаюць панчохі. З гэтага вынікае, адпаведна, што аголенасьць поўнасьцю заспакойвае і нават нудзіць; затое распальваюць уяўленьне рэчы схаваныя, загадкавыя.

— Аднак усе лічаць, што такія здымкі разбэшчваюць.

— Мне пра гэта цяжка гаварыць. Гэтым мусяць займацца псыхолягі… не маралісты, не дылетанты. Справу трэба дасьледаваць паважна, навукова. Я і вы таксама па-рознаму глядзім на гэтыя рэчы, бо нас падзяляе вялікая розьніца ва ўзросьце і досьведзе. Але я мяркую, што шкодзіць не раскрыцьцё таямніц, але дражненьне імі. Лічу нават, што розныя палавыя захворваньні, і нават сэксуальныя вычварэньні, паўсталі з-за прыглушэньня натуральнага інстынкту.

— У гэткім разе нудысты маюць рацыю.

— Безумоўна. Свабодныя зносіны голых мужчын і жанчын супакойваюць любое ўяўленьне і лечаць любога эратамана.

Мая гутарка з Рэванскім не вычэрпвала праблемаў, але толькі іх уздымала. Для мяне яна не была цікаваю, і я закранаў некаторыя тэмы толькі дзеля таго, што сутыкаўся зь імі. Запомніў адно наступны аргумэнт Рэванскага, які той ужыў падчас нашае «дыскусіі».

— Для здаровага чалавека парнаграфіі няма. Хворы знойдзе яе паўсюды. Скульптура Вэнэры прыгожая і не павінна ўзбуджаць юр нармальнага чалавека. Калі тую самую Вэнэру адзець у далікатныя майточкі й станік, яна зробіцца непрыстойнаю.

Неўзабаве пасьля пятай гадзіны пачуўся званок. Рэванскі пайшоў адчыняць дзьверы і вярнуўся ў кампаніі Сабіны. Я заўважыў, што мадэлька сёньня прыгожа апранутая; ад яе сыходзіў пах парфумы. Рэванскі прапанаваў ёй філіжанку кавы. Потым, калі Сабіна сядзела за сталом, ён сказаў: