Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 36

Сергей Песецкий

— Што скажаце пра гэтыя здымкі? — спытаў Рэванскі.

— Мяркую, што яны вельмі добрыя. Лепшыя за тыя, якія мне вы паказвалі, — адказаў я шчыра.

— Які здымак найлепшы?

Не задумваючы я паказаў на фатакартку з другой позай, якраз той, якую першай апрабавала Сабіна, калі Рэванскі быў заняты, але якая, на яго думку, не ўдалася.

— Так, — адгукнуўся Рэванскі з прыемнасьцю. — Гэты здымак ня толькі добры, але дасканалы. Канструкцыя ідэальная, позы натуральныя, расстаноўка целаў гарманічная. Добры таксама першы. Але трэці і чацьвёрты — марныя. Мёртвыя, штучныя. Калі б усю сэрыю выканаць так, як мы зрабілі гэтыя два здымкі, усё было б добра. Зараз патлумачу вам хібы. Бо мадэлька пазуе лепей: проста, выразна, трапна.

Ён узяў аловак і, пасоўваючы яго завостраным капцом па фотакартцы, пачаў яе абмяркоўваць. Урэшце ён сказаў:

— Уявіце сабе, што мадэлька — ваша каханка. Калі б з вамі такое адбылося, то яўна не было б штучнасьці, якая ёсьць тут. Зрэшты, мадэлька і тут добрая. А вы выглядаеце, быццам бы прагнеце вырвацца зь яе абдымкаў. Тут жывая кабета і… манэкен.

— Я ўпэўнены, што наступным разам буду пазаваць лепей.

— Спадзяюся, што так. Учора вы былі нерашучы. Трэба паспрабаваць адчуць сытуацыю. Ня думайце ні аб чым, але грайце сваю ролю. Трэба яе граць сьмела, з пачуцьцямі. Да таго ж і мадэлька хоча гэтага ад вас, і я хачу. Таму няма падставаў саромецца. Акторы граюць на сцэне перад гледачамі: абдымаюцца, цалуюцца. Могуць рабіць гэта прыгожа толькі тады, калі ўжываюцца ў сваю ролю. Вы таксама граеце — як безыменныя акторы.

Я доўга размаўляў з Рэванскім. Ён выняў з шуфляд і паказваў мне мноства здымкаў падобнага роду, але пераважна вельмі грубых. Былі, аднак, між іх і добрыя. Ён адзначаў мне іх перавагі, тлумачыў заганы. Відавочна, ён намагаўся пазнаёміць мяне з гэтымі рэчамі і растлумачыць, што хоча ад мяне. Але ж я быў упэўнены, што і безь яго парадаў здолею наступным разам добра пазаваць. Цяпер Сабіна была для мяне не чужою кабетаю, але каханкаю — нават калі б нашая ноч каханьня ніколі б не паўтарылася.

Пры разьвітаньні Рэванскі папрасіў мяне, каб прыйшоў да яго на другі дзень на паўгадзіны раней за мадэльку. Я меркаваў, што ён хоча перад працаю яшчэ раз пагутарыць на тэму пазаваньня. Я лічыў, што гэта дарэмна. Сабіна была для мяне цяпер не істота «зь іншай плянэты», як падавалася мяне раней, але харошая чалавечая самка, якая ўзбудзіла да сябе ў мяне цягу; я ўзгадваў пра яе з прыемнасьцю. Назаўтра, дакладна а палове пятай, я прыйшоў да Рэванскага.

— Вы паабедалі? — спытаў ён мяне.

— Так. Паеў а другой. Пасьля адпачыў і пайшоў да вас.

Ён правёў мяне ў студыю. Я ўбачыў на стале запараную ў кававарцы каву, пляшку каньяку і кілішкі.