Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 35

Сергей Песецкий

— Разумею, што вам цяжка ўпершыню. І разумею, чаму. Але неяк скончым першую сэрыю. Другая яўна ў нас пойдзе лягчэй.

Ён даў мадэльцы пяць тысяч марак, я атрымаў дзьве тысячы, бо раней дзядок даў мне тры тысячы. Ён сказаў нам, што за цяжкія сэрыі будзе даплачваць і што за гэтыя сэрыі дасьць нам у суботу яшчэ па тры тысячы. Я заўважыў, што з гэтага Сабіна была вельмі задаволеная. А для мяне гэтыя грошы былі ратункам ад галечы.

Наступны сэанс прызначылі на суботу а пятай, бо ў гэты дзень мадэлька працавала ў гатэлі толькі да паўдня. Мы разьвіталіся з Рэванскім і выйшлі зь яго кватэры. У калідоры Сабіна ўзяла мяне пад руку.

— Калі вы хочаце, я правяду вас дадому, — прапанаваў я.

— А жывяце ў гэтай камяніцы? — больш сьцьвердзіла, чым запытала яна. — Таму я праводжу вас у ваш пакой. Але адна ўмова.

— Якая?

— Каб Рэванскі й ніхто іншы пра гэта ня ведаў. Вы ўмееце захоўваць сакрэт?

— Безумоўна. Прысягаю словам! — вымавіў я ўрачыста, ня ведаючы яшчэ, пра што гаворка.

Калі ўвайшлі ў бібліятэку, я запаліў сьвятло і сказаў:

— Гэта мой пакой. Ня вельмі ўтульны, але вялікі і «з асобным уваходам».

Сабіна агледзелася наўкола. Яна падышла да дзьвярэй на балькон і адчыніла іх.

— Наогул тут прыемна, — сказала. — Толькі тыя пачвары на сьценах…

Падышла да мяне, даткнулася далоньню маёй шчакі і мовіла:

— Зачыніце дзьверы. Я буду спаць у вас. Я зразумела, што бяз гэтага нам будзе цяжка скончыць нашы здымкі. І ня толькі таму… Я таксама сёньня страціла галаву. Мой муж загінуў на вайне ў шаснаццатым годзе. Ад таго часу жыла як тая цётка… — паказала пальцам на партрэт кабеты на сьцяне і пачала разьдзявацца.

Гэтая ноч назаўжды засталася ў маёй памяці. Калі ранкам Сабіна зьбіралася сыходзіць, сказала мне:

— Пабачымся ў Рэванскага. Трымайся так, каб ён не здагадаўся. Мяне цяпер ты ня будзеш саромецца, а яго наогул не стыдайся. Для яго гэта бізнэс. Разумееш? Бізнэс і нічога больш. Ні кабета, ні каханьне яго не цікавяць. Я ведаю, бо пазавала яму раней. Ён бачыць толькі свае здымкі, нашы позы і трымае ў галаве, колькі на тым заробіць.

— Лічу, што ён вельмі добры.

— Добры, бо яму гэта акупіцца.

— А як ён цябе знайшоў? Адкуль ён ведаў, што надаешся да працы мадэлькі?

— Мая сяброўка і яе муж працуюць у тым самым гатэлі. Яны прадаюць такія фоты.

— Але адкуль Рэванскі ведаў, што ў цябе такая прыгожая фігура?

— Ты раўнуеш? Бо калі раўнівы, то ніколі да цябе не прыйду. Я ў каханьне гуляць не хачу.

— Гэта ня рэўнасьць. Я пытаю, бо не магу зразумець, як Рэванскі цябе знайшоў.

— Знайшоў празь сяброўку. Яна сама хацела яму пазаваць, але не падыходзіла. Тады нараіла яму ўзяць мяне. Але мушу ўжо ісьці. І памятай, наступным разам не рабі глупстваў. Ты яшчэ шчанюк.

Яна закрыла мне вусны далоньню, потым пацалавала, як бы на знак прабачэньня за свае апошнія словы, і сышла. У той дзень, па абедзе, пагрукаў да мяне Рэванскі. Ён папрасіў, каб я прыйшоў у майстэрню. Паказаў мне восемь паштовак. Я са зьдзіўленьнем аглядаў іх. Ні сябе, ні Сабіны на здымках я не пазнаваў. Бачыў на цёмным фоне пышнае, стройнае, белае цела Сабіны, выгнутае ў юрлівых позах. Кожная поза была жарсная, але прыгожая. Цямнейшае цела мужчыны на кожным здымку толькі падкрэсьлівала позы кабеты. Яны добра кантраставалі: моц і прыгажосьць, брутальнасьць і лагоднасьць, цьвёрдасьць і мяккасьць.