Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 34

Сергей Песецкий

— Першая поза лёгкая. Паспрабуем другую. Час яшчэ ёсьць.

Яна наблізілася да мяне. Трэба было абхапіць яе праваю рукою праз талію, а леваю праз лапатку. Яна зьвесіла левую руку ўніз і выгнула верхнюю частку тулава назад. Я падтрымліваў яе праваю рукою, а правую нагу, для ўтрыманьня раўнавагі, выставіў наперад. Яе правая далонь была на маім левым плячы. Яе поза была пасіўнаю, яна мяне амаль адпіхвала. Мая поза была актыўная і мела падкрэсьліваць дамаганьні.

— А зараз, — спакойна сказала Сабіна, — прашу пацалаваць мяне ў вусны і гэтак замерці… Пане Рэванскі, ці добра? — спытала, калі я пачынаў яе цалаваць.

Я адчуў моцны дотык яе губ, якія былі халодныя і гладкія, як костка. Я зразумеў, што ў мяне губы гарачыя, і адчуў, што сэрца мацней б’ецца ў маіх грудзях. Пачуў, быццам бы здалёк, голас Рэванскага:

— Правую руку, калі ласка, вышэй, а правую нагу выставіць яшчэ далей! А вы ўздыміце галаву. Трэба больш выгнуцца назад! Яшчэ больш!

У гэты момант я адчуў, як мяне адапхнулі. Сабіна падалася назад і сказала:

— Але ж не душыце!

— Прабачце, калі ласка.

У мадэлькі зачырванелі шчокі. Яна зірнула ўважліва на мяне і лагодна сказала:

— Прашу не хвалявацца. Бо гэта ж трэба выканаць. Ужо пачатак дзявятай, а яшчэ не пачыналі работы.

Да нас падышоў Рэванскі.

— Пачнём зь першай позы. Яна лёгкая.

Дапамог нам разьмясьціцца. Гэтая поза мела на мэце паказаць прыгажосьць цела Сабіны сьпераду. Я стаў бокам да аб’ектыву і крыху нахіліўшыся цалаваў вышэй локця яе ўзьнятыя рукі. Мадэлька адварочвала галаву ўлева і засланяла твар левай далоньню як бы стыдаючыся. У сапраўднасьці ёй трэба было схаваць твар. Рэванскі правіў некалькі разоў гэтую позу, потым сфатаграфаваў нас два разы. Мы перайшлі да другой позы, якую папярэдне апрабавалі. І цяпер нам не пашчасьціла стаць так, каб задаволіць Рэванскага. Я быў расхваляваны, Сабіна раззлаваная. Нарэшце мадэлька сказала:

— Зробім перапынак.

Я пачуваўся прысаромленым, бо няўдача выйшла празь мяне. Рэванскі спытаў нас:

— Можа, вып’еце гарбаты?

— З ахвотай, — адгукнулася Сабіна. — Бачу, што няхутка скончым работу.

Рэванскі выйшаў з майстэрні ў пакой, каб прыгатаваць гарбаты. Мадэлька зьвярнулася да мяне:

— Я захацела гарбаты толькі таму, каб ён адсюль выйшаў. Чаго вы саромеецеся? Вы ніколі ня мелі каханкі, ня бачылі голай жанчыны?

— Гэта не таму. Мне прыкра, што ён бачыць нас у гэткіх позах. Калі быў бы з вамі сам-насам, я наогул не саромеўся б.

— Але ж гэта для яго ўсё роўна. Уявіце, што ён дадатак да апарату. А я… ваша каханка, і мы прыдумалі сабе такую забаву. Я зараз вас пацалую па-сапраўднаму. Я вам падабаюся?

— Вельмі.

Яна абхапіла мяне рукамі за шыю і моцна пацалавала. Я адчуваў удзячнасьць і сымпатыю да яе, але яе хараство надалей мяне ашаламляла. Мы працавалі да адзінаццатай гадзіны. Рэванскі зрабіў толькі восем здымкаў — па два з чатырох позаў. А паколькі ён зьбіраўся зрабіць падвойную колькасьць здымкаў да сэрыі з шасьці позаў і хацеў сфатаграфаваць нас па два разы, мы зрабілі толькі траціну працы, і тое найлягчэйшую. Ані Рэванскі, ані мадэлька не былі задаволеныя. Я ж адчуваў, што расчараваў іх. Аднак стары суцешыў мяне: