Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 33

Сергей Песецкий

Я паціснуў пададзеную мне малую, цьвёрдую далонь і замаўчаў, трохі засаромлены ўважлівым, праніклівым позіркам жанчыны. Рэванскі пасадзіў мяне пры століку з правага боку. Сам сеў пасярод і выняў з шуфлядкі дванаццаць накідаў алоўкам. Ён пачаў іх паказваць нам і тлумачыць.

— Першая сэрыя будзе складацца з шасьці фатаздымкаў. Але зробім здымкі ў дванаццаці позах, каб я мог выбраць найлепшыя. Усе здымкі будуць на чорным фоне: чатыры стоячы, чатыры лежачы і чатыры седзячы. Гэтая сэрыя будзе лёгкая, але прашу ўважліва агледзець вашы позы, якія тут выяўленыя. Трэба зразумець чарговасьць пераходаў ад здымка да здымка і сэнс цэлай сэрыі.

Рэванскі пачаў падрабязна тлумачыць пранумараваныя малюнкі. Ён шмат разоў уздымаўся і паказваў позы рухамі рук і цела. Некалькі разоў браў з кніжнай паліцы альбомы і паказваў нам падобныя здымкі альбо нават фатакарткі вядомых скульптураў. Выявілася, што ўсе позы ў лягічным чаргаваньні ёсьць часткай любоўнай гульні жанчыны і мужчыны. Калі мы зразумелі ўсю сэрыю, Рэванскі вярнуўся да першага малюнка і дакладна яго абгаварыў. Потым дадаў:

— Кожная поза мае быць прыгожаю і натуральнаю. Каб была прыгожаю, я таго дапільную. Каб была натуральнаю, патрабуецца ваша дапамога. Думайце, калі ласка, што кожная сытуацыя адбываецца ў сапраўднасьці. Калі нейкая зь іх будзе для вас вельмі цяжкаю, а таму фальшываю, калі ласка, зьвярніце маю ўвагу на гэта. Мне не патрэбны ардынарныя фатаздымкі, бо такіх шмат, але трэба зрабіць здымкі выключна добрыя і як бы натуральныя. Такія фатаздымкі абавязкова будуць мець посьпех. А калі я буду мець зь іх добры прыбытак, дык выплачу вам дадатковае ўзнагароджаньне.

Рэванскі загадаў нам разьдзецца. Сабіне наказаў месца за шырмаю ў куце майстэрні. Для мяне была пастаўлена шырма каля завешанага цёмнай завесай акна. Пакуль мы разьдзяваліся, Рэванскі ўсталяваў два вялікія экраны, на якіх павесіў чорную драпіроўку. Перад экранамі стаяў тапчан, пакрыты чорнай аксамітнай накідкаю. На тапчане ляжала белая шаль. Да драпіроўкі былі прышпіленыя штучныя, белыя астры. Падлогу перад тапчаном пакрываў чырвоны дыван. Я разьдзеўся, зачасаў валасы і выйшаў з-за шырмы. Рэванскі нешта майстраваў пры фатаграфічным апараце. Рэфлектары ўжо былі запаленыя. У іх сьвятле ўбачыў Сабіну. Яна стаяла нерухома і паглядала ў бок Рэванскага. Потым узьняла ўверх руку і паправіла валасы. Яна падалася мне надзвычай прыгожаю. Я стаяў асьлеплены, няздольны адарваць ад яе позірку. Адначасова адчуў, што мяне агортвае холад і спалох. Калі сядзеў зь ёй раней за столікам, яна цікавіла мяне як жанчына. Я заўважыў пад блюзкаю ладны абрыс грудзей. Бачыў акруглую лінію сьцягна і зграбную лытку. Тады гэта мяне прываблівала і цяжка было ўважліва слухаць Рэванскага. Калі пабачыў яе голай, у поўным харастве красы прыгожа складзенай кабеты, яна падалася мне зьяваю звышнатуральнай. Сабіна азірнулася на мяне. Махнула рукою.

— Хадзіце!

Я падышоў да мадэлькі, намагаючыся не пазіраць на яе цела, а толькі на твар. Яна, відаць, адразу зразумела, што я зьбянтэжаны і зьбіты з панталыку. Лёгка пасьміхнулася і спакойна сказала: