Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 32

Сергей Песецкий

Сонца гарачай пяшчотай абдымае зямлю. Ціша… Лянотна пазіраю на супрацьлеглы бераг. Выглядае як саладжавая акварэль: пагоркі, сасна, бірузовае неба, залацісты пясок, сабака і харошы твар хлопчыка… У яго аблічча анёлка.

«Жыцьцё цудоўнае. Усе добрыя». Сустракаю позірк блакітных вачэй. Ён блукае па маім голым целе. Мне робіцца холадна.

5

Некалькі дзён я зусім ня думаў, што мяне чакае пазаваньне разам з кабетаю. Ранкам я ішоў на Біржу працы, каб атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне пра тое, што працы для мяне няма. Потым надаваўся на раку і там загараў. У першыя дні скура пачырванела, але не была спаленая, бо па парадзе Ровенскага я шмараваў чулыя месцы крэмам. Потым цела пачало набываць карычневы колер і загар умацоўваўся. Вечарамі я хадзіў дапазна па горадзе, назіраючы за жыцьцём вуліц. Гэта сталася маёй звычкай. Раней цягаўся па неабходнасьці, бо мне не было куды ісьці й мяне гналі голад і роспач. Цяпер я знаходзіў у гэтым прыемнасьць. Горад стаўся для мяне тэатрам, людзі — акторамі, жыцьцё — трагікамэдыяй.

Калі надышоў чацьвер, я пачаў хвалявацца. Рэванскі сказаў мне, каб прыйшоў да яго ўвечары а сёмай, бо мадэлька ўдзень працуе. Таму ёй трэба адпачыць, бо зранку да чацьвёртай гадзіны яна прыбірае пакоі й абслугоўвае гасьцей у гатэлі.

Ранкам я пайшоў загараць. Потым падаўся да цырульніка і папрасіў добра пастрыгчы валасы. Пасьля правёў амаль дзьве гадзіны ў лазьні Агрэста, пры вуліцы Маставой, то сьцякаючы потам у парылцы, то плавячыся ў моцных струменях душа. Я хацеў быць чыстым і добра выглядаць. Паабедаў у таннай рэстарацыі каля вакзалу. Ежа была смачнай і шчодрай. Пасьля доўгага ляжаньня на пляжы і гарачай ванны адчуваў сябе крыху стомлена. Я пайшоў дахаты і прылёг на ложак. Я хацеў толькі адпачыць, але неспадзявана заснуў. Прачнуўся за дзьве гадзіны, адчуваючы, як часта тахтае маё сэрца. У мяне былі эратычныя сонныя мроі, але я ня мог прыпомніць сабе падрабязнасьцяў. Я пачаў думаць аб мадэльцы, зь якой буду пазаваць. Гэта мяне ўсхвалявала. Намагаўся перавесьці думкі на іншую тэму, на нудныя справы. Але цяжка было ашукаць здаровае і дужае цела. Узьняўся, закурыў папяросу і пачаў хадзіць на рыпучым паркеце. А сёмай пазваніў у кватэру Рэванскага. Стары адразу адчыніў дзьверы. Пэўна, ён чакаў мяне.

— Мадэлька ўжо прыйшла, — сказаў, вітаючы мяне поціскам далоні.

У майстэрні я ўбачыў сьціпла ўбраную кабету гадоў трыццаці. Бляндынку. Твар яе быў непрыгожы: кароткі нос і выступаючыя косьці шчок рабілі яго цяжкім, быццам бы выразаным з каменьня. Яе вочы былі касыя, досыць мілыя, але сумныя. Толькі ўсьмешка, якая выяўляла белыя, здаровыя зубы, лагодзіла цьвёрдыя рысы шчок і разьясьняла твар. Кабета сядзела за столікам. Рэванскі махнуў рукою ў яе бок і сказаў:

— Пазнаёмцеся, калі ласка. Пані Сабіна трохі вядомая вам з маіх аповедаў і з фатаздымкаў. А гэта пан Міхал.