Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 31

Сергей Песецкий

— Як вам спалася? — запытала мяне, уваходзячы ў пакой.

— Вельмі добра.

— Нічога вас не непакоіла?

— А нешта мусіла непакоіць?

Усьмешка прамільгнула на яе твары.

— Можа, ложак нязручны?

— Наадварот, вельмі зручны. А што тычыцца кватэрнай аплаты, то я паспрабую заплаціць як найхутчэй.

— Але ж зусім гэтага не патрабую, пакуль у вас няма працы. Жывіце бясплатна. Я хачу, каб гэты пакой ня быў пусты, бо яго могуць абакрасьці. А гэта ўсё, — паказала далоньню на кніжкі ў шафе і партрэты, — зьяўляецца для мяне дарагой сямейнай рэліквіяй.

Учора ўвечары другі раз я бачыў Рэванскага. Ён прынёс мне два ручнікі й бялізну. Потым мы доўга размаўлялі. Збольшага гаварыў ён, а я слухаў зь вялікім зацікаўленьнем. Стары дзіўна казаў: часам захопліваўся і рабіў гэткія жэсты, быццам бы прамаўляў да вялікай аўдыторыі. Я пачуў ад яго шмат цікавых рэчаў, але не магу яго добра зразумець. Ён цынік і мараліст; радыкал, але і кансэрватар. Ён сабраў мноства спрэчных ідэяў і поглядаў, стварыў зь іх незвычайнае цэлае і ўмее лягічна злучаць супрацьлеглыя паняцьці. Ён уражвае мяне гэтым і дзівіць, але забаўляе… можа, нават вучыць.

Я расплюшчваю вочы. Ляжу на гарачым пяску, бачу водную роўнядзь і другі бераг ракі, што плавіцца на сонцы. Заліты плыньню сонечных промняў залацісты ўзгорак. Зь берага пахілілася да ракі пашарпаная вятрамі сасна. Трохі далей — нахіленая хатка рыбака. На плоце сушацца сеткі. Над дахам, што парос імхом, разьліўся сакавіты, глыбокі блакіт неба. Над паверхняй вады лёгка трымціць паветра… З-за плоту выйшаў велічэзны сабака. Спыніўся, аблізваючы пысу чырвоным языком. Паволі крочыць да ракі. Некалькі разоў ляніва лыкнуў вады і сеў на беразе. Мае гэткую міну, быццам бы толькі што разгадаў заблытаную крыжаванку. Праз хвіліну лёг і закрыў лапаю вока ад сонца. Таксама «загарае». Ціша. Усё замерла ў нерухомасьці. З-за рыбаковай хаціны вылецела варона. Дасягнула сасны і цяжка села на сухой галіне. Зусім выразна бачу, як выпрастоўвае грудзі, уздымае ўгору ўзброеную доўгай дзюбай галаву і расхінае крылы ў бакі, паўтараючы рытмічна гэтыя рухі. Робіць «дыхальнае практыкаваньне». У поле майго зроку зьяўляецца новая постаць. Ад дому рыбака сьцежкаю да рэчкі ідзе хлопчык, гадоў дзесяці. Басанож. Мае акруглы тварык і ўскудлачаныя сьветлыя валасы. На руках ён нясе ката. Лашчыць яго галоўку. Падыходзіць да вады. Выцяў нагою сабаку, які неахвотна забрахаў два разы магутным басам, але месца не саступіў. Хлопец стаіць на беразе Вяльлі й песьціць ката. Я заўважыў, што ён мае ў руцэ шнурок. Завязвае яго на шыі ката. Ён робіць гэта подступам. Узьняў вялікі камень і ўмацаваў яго на другім канцы шнура. Увайшоў у ваду па сьцёгны. Раптам кінуў перад сабою ката з прывязаным да яго шыі каменем. Жывёла роспачна заенчыла. Камень плюхнуўся ў ваду і зараз жа за ім патанула і цела ката. Енк перарваўся. Там было, мабыць, ня вельмі глыбока, бо вада віравала пэўны час. На паверхню ракі выплывалі бурбалкі паветра. Потым вада супакоілася, схаваўшы дасканалае забойства.