Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 30

Сергей Песецкий

— Гэта мой муж… Нядаўна памёр. Учора была другая гадавіна яго сьмерці. Вечны спачын.

Яна пачала ціха прамаўляць малітву. Я разгледзеў напісаны алеем партрэт мужчыны. У яго былі чорныя вочы, зьлёгку прыжмураныя. Валасы таксама былі чорныя. На вузкіх вуснах застыла зьедлівая ўсьмешка. Нос тонкі й доўгі. Гэты твар пакідаў благое ўражаньне. Калі я рухаўся па залі, яго вочы, здавалася мне, сачылі за мной. Мэблі тут было няшмат: стол, рукамыйнік з авальным люстрам, шафа на адзежу, некалькі крэслаў і вялічэзны ложак. Уся мэбля была разная, і было ёй бадай больш за сто год.

— Вам падабаецца пакой? — спытала гаспадыня, сьвідруючы мяне вострымі вочкамі.

— Для мяне ён завялікі, — сказаў я. — Але я ахвотна тут пасялюся.

Яна выняла адзін ключ са жмуту і ўручыла мне.

— Вось, трымайце ключ ад свайго пакою. А што патрэбна для прыбіраньня, знойдзеце на кухні. Ёсьць там кран з вадою і ракавіна. Служка дасьць вам кубак на чыстую ваду. Вядро для бруднай пад рукамыйнікам.

Гаспадыня сышла, а я падаўся ў пакоі Рэванскага. Стары падрыхтаваў ужо для мяне вялікую коўдру, падушку і два прасьцірадлы. Сказаў:

— Трымайце… на пачатак. Галоўнае, што ёсьць дзе спаць.

Я падзякаваў яму і занёс пасьцелю ў свой пакой. Заслаў ложак. Зрабіў гэта старанна, як у войску. Даўно ня меў уласнага кута, бо жыў альбо ў казармах, альбо у шпіталях — калі лячыўся ад ранаў, — альбо пад голым небам. Цяпер адчуў сябе гарадзкім жыхаром.

Апоўдні наступнага дня зайшоў да Рэванскага, які ўчора сказаў, што на наступны дзень вырабіць здымкі. Я трохі непакоіўся, бо баяўся, што вынік майго пазаваньня будзе марны. Дзядок, аднак, весела мяне прывітаў, пацёр далоні і сказаў трыюмфальна:

— Мы выканаем цудоўную сэрыю. Цяпер я цалкам упэўнены ў посьпеху. Зараз пакажу вам здымкі.

Выняў з шуфляды дзьве капэрты, у якіх былі мае і мадэльчыны фата-здымкі. Паказаў мне іх і пачаў тлумачыць іх перавагі. Урэшце сказаў:

— Цяпер сонечныя дні. Можа, захочаце пазагараць на сонцы. Але загар мусіць быць роўны, таму трэба загараць голым. Ёсьць добрыя месцы для гэтага ў Закрэце. Рэч у тым, што цела мадэлькі белае, як гіпс. Вы значна цямнейшы за яе. Калі вы загарыце, будзе прыгожы кантраст.

— У мяне цэлыя дні вольныя, і я пастараюся загарэць. Калі распачнём працу?

— За тыдзень. У наступны чацьвер.

— Ці не захутка?

— Мяркую, часу хопіць.

У той самы дзень Рэванскі выдаў мне тры тысячы марак — як задатак. Гэта мяне вельмі ўсьцешыла, асабліва калі я пачуў, што за кожную сэрыю здымкаў буду атрымліваць па пяць тысяч марак. Ажыла надзея, што здолею сумленна перацярпець пэрыяд бяз сталай працы.

Назаўтра ранкам я пайшоў у Закрэт і знайшоў зацішны куток, дзе мог загараць голым. Тут ціха і спакойна. Сонна цурчыць вада. Сонца палівае мяне цёплай хваляй праменьня. Ляжу, нашмараваны крэмам, які даў мне ўчора Рэванскі. Прыжмурваю вочы і сьлізгаю позіркам па зіхоткай паверхні вады. З удзячнасьцю думаю пра дзядка, які дапамог мне знайсьці пакой і на пэўны час даў магчымасьць зарабіць на жыцьцё. Думаю таксама аб гаспадыні кватэры. Яна падаецца мне дзіўнаю і нават ненармальнаю. Сёньня ранкам яна пагрукала да мяне. Я адчыніў дзьверы і ўбачыў Жубжынскую. Яна дапытліва сьвідравала мой твар, быццам бы хацела вычытаць зь яго нешта незвычайнае.