Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 28

Сергей Песецкий

— Тыя дзьверы, — паказаў дзядок направа, — вядуць у пакоі ўласьніцы дому. Гэтыя вядуць да паасобных пакояў і да бібліятэкі. А сюдою пойдзем да мяне.

Вузкім калідорыкам мы выйшлі ў шырокі калідор. Напрыканцы яго я ўбачыў вялікія, падвойныя дзьверы. Дзядок адчыніў іх і сказаў:

— Тут жыву я. Зараз пакажу вам студыю.

Мы ўвайшлі ў пакой, у якім было трохі мэблі, некалькі шырм, два экраны і тры вялікія люстры. На тапчане ляжала кіпа драпіроўкі і некалькі кілімаў. На другім стале, пры сьцяне, былі два рэфлектары. Пасярод пакою на трынозе стаяў вялікі фатаграфічны апарат. Побач, на століку, ляжалі некалькі альбомаў. На сьценах віселі партрэтныя здымкі. Я зьвярнуў увагу на вялікі фатаздымак маладой дзяўчыны. У яе былі гладка зачасаныя назад цёмныя валасы і чорныя вочы, пад дугамі высока выгнутых броваў. Нос яе быў прамы, вусны малыя. Выраз твару ў яе быў халодны і быццам бы пагардлівы. Я наказаў на той партрэт і сказаў:

— Дзіўны твар. Прыгожая, але…

— Але што?

— Ледзяная і злая…

— Так? Гэта мая дачка. Якраз для яе працую. Яе маці памерла ў Ленінградзе. Толькі ў дваццатым годзе мы прыехалі сюды. Давялося пачаць жыць нанова… Што яна дзіўная — так. Але злая? Наўрад ці … Зараз пакажу здымкі вашай партнэркі.

Стары выцягнуў шуфлядку са століка і выняў чатыры фатаздымкі паштовага фармату. Падаў мне. Я ўбачыў здымкі голай жанчыны на цёмным фоне.

— Я ня бачыў такой прыгожай мадэлькі ні на водным здымку, — сказаў дзядок. — Твар непрыгожы, а цела найпрыгажэйшае.

— Можа, я ня буду пасаваць да яе?

— Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. Зрэшты, зробім зараз некалькі пробных здымкаў. Гэта дапаможа мне падрыхтаваць і прыдумаць першую сэрыю. Я гэтым трохі рызыкую. Цікавіць ня толькі верагодны прыбытак у будучыні, але таксама хачу зрабіць сапраўды харошыя здымкі.

Дзядок зацягнуў на вокнах цёмныя фіранкі і запаліў электрычнае сьвятло. Выставіў цёмны экран і накінуў на тапчан чорную драпіроўку.

За гэты час я разьдзеўся і стаяў голы ў сьвеце двух моцных рэфлектараў. Я намагаўся прыняць дакладна такія самыя позы, якія загадваў мне дзядок. Я бачыў, што ён зь вялікім запалам дае мне парады. На працягу гадзіны работа была скончаная. Дзядок зрабіў за гэты час шэсьць фатаздымкаў. Я бачыў, што ён задаволены, хаця ня бачыў здымкаў, бо зьбіраўся вырабіць іх пасьля.

Потым мы пайшлі да домаўласьніцы. Стары пагрукаў, бо званок не працаваў. Неўзабаве зь сярэдзіны пачуўся рыпучы голас:

— Хто там?

— Гэта я, Рэванскі.

Затрашчэлі засевы, заскрыгаталі кручкі, забразгатаў ланцуг.

— Крэпасьць, — ціха кінуў Рэванскі.

Дзьверы трохі прычыніліся, і ў шчыліне зьявілася недаверлівае вока і частка шчакі.

— А… гэта вы.

Толькі пасьля нас упусьцілі ў цёмную вітальню. Засьмярдзела нафталінам.

— Калі ласка, калі ласка… Тут трохі цёмна, але зараз, — рыпеў голас старой, якая старанна зачыняла дзьверы.

Мы ўвайшлі ў вялікі пакой, падобны да складу старой мэблі. Сьценаў наогул не было відаць, бо засланялі іх вялікія старамодныя шафы і пукатыя буфэты. Сярэдзіну пакою заняў разны стол, наўкола якога стаяла некалькі цяжкіх крэслаў. Пад стольлю вісела вялікая газавая лямпа. Панаваў паўзмрок. Рэванскі, са старасьвецкай далікатнасьцю ў рухах, прадставіў мяне гаспадыні: