Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 26
Сергей Песецкий
Размаўляючы зь дзядком, я піў гарбату, еў канапкі й меркаваў: якую ён мае да мяне справу? Раней ён сказаў, што аповед зойме шмат часу. Таму я не сьпяшаўся з пытаньнямі. Ён сказаў, што хоча прапанаваць мне працу. Гэта была для мяне найважнейшая рэч… Я прыйшоў да высновы, што праца будзе незвычайная, бо навошта марнаваць гэтулькі часу на папярэднія размовы. Таму я чакаў цярпліва далейшага працягу нашае размовы. Праз пэўны час дзядок пачаў распытваць у мяне пра мой матэрыяльны стан. Я сказаў, што ён вельмі кепскі, бо трэці месяц не магу знайсьці ніякай працы і ня маю нават дзе начаваць. З горыччу я адзначыў:
— Падчас вайны, калі мы ішлі праз Варшаву на фронт, у жніўні 1920 году, закідалі нас кветкамі. Давалі папяросы, шакаляд. Цалавалі. Нейкая дзяўчына павесіла мне на шыю некалькі дзясяткаў срэбраных мэдалікаў з выяваю Маці Божай Чэнстахоўскай. Я раздаў іх сябрам. А потым… нас выкінулі на сьметнік. Забралі нават анучы, плашчы, коўдры, запасную бялізну. Не далі маладым добраахвотнікам магчымасьці далей навучацца. Не далі ані кропкі апоры, ані місы супу. Сытае і бясьпечнае грамадзтва не пацікавілася лёсам тых, хто бараніў яго свабоду.
— Так, гэта жахліва! Дурныя, марныя людзі! — сказаў стары. — Падчас рэвалюцыі ў Расеі я бачыў мноства кінутых коней. Яны хадзілі галодныя, схуднелыя, страшэнныя. Ніхто іх ня браў, бо не было пашы. Яны здыхалі на вуліцах. Галодны люд выразаў са здыхляціны кавалкі мяса. Але асудзіць на лёс тых коней тысячы маладых жаўнераў — гэта злачынства!
Дзядок змоўк і з сымпатыяй зірнуў на мяне. Я быў гэтым узрушаны, бо ніхто мне не спачуваў. Хіба толькі тая гаротная прастытутка з сутарэньня.
— Я баюся цяпер прапаноўваць вам гэтую працу, — сказаў па доўгім маўчаньні стары.
— Чаму? Да таго ж я акурат і шукаю працу.
— Ведаю. Але гаворка пра від працы. Я не хачу, каб вы прынялі яе толькі таму, што вы ў цяжкім становішчы.
— Калі ласка, скажыце мне: у чым справа?
— Добра! Але для майго заспакаеньня дамовімся, што калі вы не пагодзіцеся на маю прапанову, дам вам дзьве тысячы марак.
— Не выпадае мне браць задарма грошы.
— Наадварот, ад мяне можна ўзяць. Ведаю, што такое галеча. Мне таксама некалькі разоў людзі дапамаглі. А ў гэтым выпадку вы страціце час і надзею зарабіць.
— Добра. Што за праца?
Дзядок выняў з бакавой кішэні пінжака тоўсты канверт, у якім было некалькі дзясяткаў здымкаў фармату паштоўкі. І падаў мне.
— Гляньце гэта. Тут па адным фатаздымку з розных сэрый, ды нават з розных краін. Ёсьць венскія, парыскія, італьянскія і бэрлінскія.
Я ўбачыў дзясяткі парнаграфічных здымкаў, на якіх былі сфатаграфаваныя разам мужчыны і жанчыны ў далікатных позах. На некаторых зь іх былі толькі кабеты. Гэткія фатаздымкі я бачыў некалькі разоў у сяброў. Яны не зьдзівілі й не зацікавілі. Затое я быў уражаны, што стары паказаў іх мне.
— Вы прапануеце мне прадаваць такія здымкі? — спытаў я.
— Не. Для гэтага ёсьць іншага роду агенты і агенткі. Бо гэта ж рэчы нелегальныя, ды нават караныя. Зразумела, калі іх распаўсюджваць.
— Дык у чым справа?
— Найперш, што вы скажаце аб гэтых здымках, аб іх узроўні?