Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 146

Сергей Песецкий

Сусед з шасьцёркі пагрукаў да мяне:

— У вас перадача?

— Так.

— Добрая?

— Вельмі… Магу вам нешта заўтра паслаць?

— Не… Ад каго?

— Ад дзяўчыны.

— Каханка?

— Не… Нявеста.

— Прыгожая?

— Цудоўная!

— Каханьне?

— Сапраўднае.

Пасьля я разважаў наконт гэтых словаў, якія неспадзявана сказаў суседу. «Каханьне? Ці гэта праўда?» Але я адчуваў, што сапраўды кахаю Алену. Яна дапамагла мне. Дала знак жыцьця і памяці ў найцяжэйшыя для мяне часіны. І гэта ў такія дні! Я ня змог знайсьці шчасьця на волі, знайшоў яго цень у турме. Цяпер я ня быў ужо самотным: меў пра каго думаць, каго любіць. Запоўніў сваю пустыню жыцьцём. Я намагаўся прыпомніць сабе кожнае яе слоўца, кожнае нашае спатканьне. Я лавіў сябе на тым, што часам «размаўляю» зь ёю. Я думаў напісаць ліст Алене. У канцылярыі яшчэ было трохі грошай, якіх бы стала на ліст і маркі. Я хацеў падзякаваць дзяўчыне. Але якія б марныя былі б словы, калі б хацеў выказаць імі сваю ўдзячнасьць. Акрамя таго, кожны мой ліст пройдзе ня толькі праз турэмную цэнзуру, але і праз рукі сьледчага. А яе бацька! Да таго ж можа здарыцца, што акурат ён атрымае мой ліст да Алены. Ці прачытае ён яго? Я адмовіўся ад гэтага намеру.

Адразу па сьвятах я атрымаў квіток з канцылярыі, што на маё прозьвішча пералічана пяць тысяч марак. Зразумеў, што Алена або сама прынесла гэтыя грошы ў турму, або пераслала іх поштаю. Мне было нават сорамна, што дзяўчына мае з-за мяне гэтулькі цяжкасьцяў. Я добра разумеў, як цяжка было ёй перадаць пакунак на каляды. Ёй давялося хадзіць па крамах і купляць. Пасьля несьці пакунак у турму, відаць, доўга чакаць у чарзе, каб яго прынялі. Пасьля давялося чакаць у маразы і завею вяртаньня квітанцыі, якая была доказам таго, што перадачу прынялі. А я ня мог ёй нават падзякаваць! Я ня быў ужо галодным, меў што курыць. Тоўстыя шкарпэткі захоўвалі мае ногі ад холаду. Ручнік і мыла далі магчымасьць захоўваць чысьціню. Шмат чаго яшчэ не ставала, але я лёгка гэта трываў. Цяпер я дапамагаў суседу з шасьцёркі, калі гэта патрабавалася. Я дасылаў яму тытунь і харчы.