Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 144
Сергей Песецкий
Вельмі дакучала адсутнасьць зьменнай бялізны. Кожныя два тыдні мяне вадзілі ў лазьню. Як ізаляваны, я мыўся ў кабінцы пад душам. Але здаралася, што вада амаль не лілася. Іншым разам была загарачаю або захалоднаю. Гэта ўскладняла, а часам рабіла немагчымым мыцьцё. Калі я быў у лазьні, я мог аддаць бялізну ў дэзынфэкцыю. Я вешаў яе на драўнянай вешалцы звонку кабінкі і, калі канчаў, мыцца, атрымліваў бялізну, гарачую ад дэзынфэкцыі. Я адзяваў яе на мокрае цела, бо ў мяне не было ручніка. Другою прыкраю рэччу была нястача шкарпэтак, якія цалкам падзерліся. Ад іх засталіся толькі калашыны, якімі абкручваў пальцы і палову стапы. Але хадзіць было нязручна.
Грошы я патраціў цалкам. Апошні пакунак махоркі курыў вельмі ашчадна, але і ён скончыўся. Без курэньня я пачуваўся горш. Хадзіў бесьперапынна па камэры. Нейкага дня «калефактар» падаў мне — як штодня — шчотку для падмятаньня падлогі і шуфэль на сьмецьце. Калі ён іх забіраў, укінуў у камэру каробку ад запалак і адразу ж зачыніў клямку на дзьвярах. Я ўзьняў каробку і ўбачыў, што яна поўная махоркі. Я быў вельмі гэтым усьцешаны і ўвадначас зьдзіўлены. Зараз жа скруціў папяросу і запаліў. Праз пэўны час я пагрукаў да суседа з шасьцёркі:
— «Калефактар» укінуў мне пачак махоркі.
— Гэта я паслаў, — азваўся сусед. — Учора сястра прынесла мне трохі ежы і тытуню.
З таго дня сусед дасылаў мне час ад часу трохі махоркі, курыльнай паперы і па некалькі запалак, якія я рашчапляў іголкаю напалову і трымаў у каробцы на калярыфэры, каб яны не адсырэлі. Я адчуваў вялікую ўдзячнасьць. Яго дробная дапамога была для мяне вельмі дарагою. Я курыў цяпер пару разоў на дзень цыгаркі. Акрамя таго, я забіваў час хаджэньнем па камэры ці прыдуманаю сабе работаю. Аскепкам шкла вышкрабаў на сьцяне каляндар да канца году. Рабіў са шматкоў шкарпэтак ніткі. Цыраваў бялізну. Прыбіраў камэру.
Надышла Вігілія Божага Нараджэньня. У гэты дзень у цэнтрале панаваў нязвыклы рух. Ад самага ранку «калефактары» разносілі па камэрах пакункі, што перадавалі з волі. Раздавалі іх праз акенца пры браме. Далучалі да іх паперку з прозьвішчам вязьня і вопісам перадачы. Наглядчыкі дэталёва спраўджвалі зьмесьціва кожнага пакунку. Пасьля на паперцы пісалі нумар камэры, у якой знаходзіцца вязень, і рассылалі ўсё па аддзяленьнях. Там наглядчыкі пераказвалі вынятыя з пакункаў рэчы і прадукты «калефактарам», якія раздавалі іх вязьням. Зразумела, я не спадзяваўся на ніякія дасылкі. Гэты дзень быў для мяне найбольш смутны за іншыя дні. Адразу па абедзе я пачуў, што мой сусед атрымаў пакунак. Я ведаў, што ранкам ён дашле мне трохі тытуню. Наглядчыкі ведалі таксама, што некаторыя вязьні дапамагалі адзін аднаму, але не забаранялі «калефактарам» перадаваць з камэры ў камэру цыгарэты і нечага зь ежы. Папросту не зьвярталі на гэта ўвагі. Але «калефактары» самі старанна праглядалі такія перасылкі, каб не схавалі ў іх малявы — ліста. Гэта пагражала ім стратаю працы на калідоры, якую яны цанілі, бо яна давала ім магчымасьць знаходзіцца ўдзень па-за камэраю і лепш харчавацца.