Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 148
Сергей Песецкий
— Хвала Ісусу!
— На векі вечныя! — адказаў я. — Сядайце! — наказаў на табурэт.
Ён стаяў доўга ля дзьвярэй, трымаючы ў руках палатняную торбачку зь нейкай драбязою. Пасьля сеў, але не на табурэт, а на драўляную аправу вядра для выпражненьняў. Паклаў торбачку на калені і пазіраў на падлогу. Гэты чалавек падаўся мне дзіўным, нават ненармальным.
— За што вы? — спытаў я яго, пачынаючы крочыць па камэры.
Ён доўга маўчаў. Пасьля сказаў, быццам бы прыгадваючы:
— Я… Я жонку забіў.
Мне зрабілася прыкра, што я спытаў яго пра гэта. Падумаў нават, што павінен быць зь ім асьцярожным. Але я не адчуў да яго непрыязьні. Хутчэй ён мяне цікавіў. Акрамя таго, амаль паўгода я ні з кім не размаўляў, і цяпер кампанія іншага чалавека перапыніла манатоннасьць майго жыцьця. Незадоўга да абеду наглядчык вывеў мяне на калідор. Я пайшоў зь ім уніз у цэнтрал. Там убачыў старшага сяржанта, які рэгуляваў лад жыцьця ва ўсёй турме. Ён служыў тут, як я чуў ад вязьняў, апошнія трыццаць гадоў. Сяржант даў наглядчыку лісток, які звычайна вешалі на дзьверы камэры, дзе сядзіць вязень. Гэтая картка — турэмнае пасьведчаньне асобы, на якой напісана імя і прозьвішча ды артыкул крымінальнага кодэксу. Наглядчык узяў лісток. Сяржант спытаў мяне:
— За фальшаваньне грошай?
— Не, чэкаў.
— Заклад вызначаны?
— Так. Але я не магу заплаціць.
Сяржант пахітаў галавою і адышоў. Наглядчык правёў мяне наверх, але затрымаўся на жалезных сходах і сказаў:
— Пасадзілі вам суседа, гэта няшчасны чалавек. Будзьце зь ім добрым…
— Ён сядзіць за забойства жонкі?
— Не. За хабар. Мы вызначылі заклад. Жонка яго памерла, калі ён быў тут. У яго галаве крыху памяталася. Вы ж вучоны чалавек і павінны ставіцца да яго добра.
Толькі цяпер я зразумеў, што сяржант і наглядчык пасадзілі ў маю камэру вязьня, які, відаць, дакучаў у іншых камэрах. Пасьля я даведаўся, што так і было. Я падумаў нават, што пад мундзірамі наглядчыкаў — суровых і панурых — могуць быць шляхетныя сэрцы. Яны, відаць, меркавалі, што як фальшываманэтчык (ведалі артыкул крымінальнага кодэксу з маёй карткі, а можа, і з турэмнай справы), я чалавек адукаваны і буду добра ставіцца да свайго суседа. Па вяртаньні я засьпеў вязьня на тым самым месцы. Увесь час ён трымаў на каленях торбачку.