Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 147
Сергей Песецкий
Пры канцы лютага мяне выклікалі ізноў да сьледчага. Ён сказаў, што скончыў сьледзтва па маёй справе. Пасьля дадаў:
— Я вызначыў вам заклад: пяцьсот тысяч марак. Калі вы гэтыя грошы заплаціце, будзеце вызвалены да суду.
— Я ня маю мажлівасьці заплаціць такую суму.
— У вас ёсьць сваякі ў Польшчы?
Я падумаў пра дзядзьку ў Пружанах. «Ёсьць», — сказаў я.
— Яны могуць унесьці за вас заклад?
— Могуць зрабіць гэта, але я не папрашу. Наогул, у цяперашняй маёй сытуацыі я не хачу нікога ні аб чым прасіць. Нават лістоў ні да каго не пішу.
— Судовае паседжаньне можа адбыцца няхутка. Суды заваленыя працаю. Таму ўва ўсіх выпадках, калі гэта магчыма, мы вызваляем вязьняў пад нагляд паліцыі ці пад заклад.
— Калі ласка, вызваліце мяне пад нагляд паліцыі.
— У вашай справе гэта немагчыма.
Неўзабаве па візыце да сьледчага мяне перавялі ў іншую камэру на чацьвёртым паверсе. Відаць, турэмная адміністрацыя даведалася, што пасьля вызначэньня для мяне закладу поўная ізаляцыя ўжо не патрэбная. Новая камэра была значна большая, больш сьветлая і выгодная. Калярыфэры былі тутака цёплымі.
Раней я адзін хадзіў на шпацыры. Адбываліся яны ў малым, амаль трохкутным падворку. Такіх месцаў для шпацыру ізаляваных вязьняў было шмат, але іх не хапала. Таму нашы шпацыры трывалі каротка: часам толькі дзесяць хвілін. Цяпер я хадзіў на шпацыр зь іншымі вязьнямі, якія сядзелі на маім боку калідору. Было нас каля дваццаці. Шпацыр доўжыўся паўгадзіны і адбываўся на вялікім падворку. Хадзілі гуськом, па коле, па ходніках, выкладзеных з цэглы. Захоўвалі роўную дыстанцыю між сабою. Наглядчык, які праводзіў нас на шпацыр, папярэджваў, каб вязьні не размаўлялі. Аднак яму цяжка гэта дапільнаваць і заўсёды былі магчымасьці паразумецца між сабою ў розных пытаньнях. Я даведаўся, напрыклад, што Сабада сядзіць па другі бок майго калідору, а Якуб на пятым паверсе. Неўзабаве атрымаў ад Сабады маляву. Супольнік напісаў мне, што Якуб вызвалены за заклад у пяцьсот тысяч марак. Сабада спадзяваўся, што Якуб зробіць за яго заклад на дзьвесьце тысяч марак. І сапраўды, ён выйшаў на волю — пры канцы сакавіка. Я ж сядзеў надалей і ня меў надзеі на вызваленьне. Гэтая акалічнасьць, што мае супольнікі вызваленыя, магла адцягнуць на доўгі час прызначэньне судовага паседжаньня. Я ведаў, што сядзеньне пад арыштам будзе мне залічана ў тэрмін пакараньня, але калі гэта зацягнецца, то я магу адседзець больш, чым дасьць прысуд. Я адчуваў крыўду на супольнікаў. Да таго ж я папаўся па іх віне. Зь імі я заўсёды быў шчыры і сур’ёзны. Аднак яны не паклапаціліся пра мяне. Калі мы былі пад арыштам, Якубу перадавалі з гораду добрыя абеды. Ведаў, што мае ён заможных сваякоў і сам добра забясьпечаны. Сабадзе таксама добра шчасьціла. І пад арыштам, і ў турме ён часта атрымліваў перадачы. Але ім не прыйшло да галавы дапамагчы супольніку, хаця ж яны ведалі, што ў мяне цяжкая сытуацыя. Нават па вызваленьні з турмы не азваліся наогул. Калі б не дапамога Алены, я зусім бы галадаў. Раз на месяц яна дасылала мне перадачу, падобную да таго, якую я атрымаў на Каляды. У сакавіку далі мне зноў квіток на пяць тысяч марак. А паколькі з ранейшых грошай вытраціў тры тысячы, на дэпазыце ў мяне было сем тысяч. У пасылках Алены я кожны раз знаходзіў, на пачках махоркі, літары, што складалі слова «Клеапатра». Я чытаў яго як доўгі ліст — шмат разоў. Нічога дзіўнага, што я ўвесь час думаў пра дзяўчыну, а некалькі разоў нават прысьніў яе. На пачатку красавіка ў маю камэру пасадзілі іншага вязьня. Гэта быў высокі, крыху згорблены мужчына ў веку каля пяцідзесяці год. Твар яго меў дзіўны выраз — быццам бы застылы ў масцы з грымасай болю. Калі яго завялі ў камэру, ён стаў ля дзьвярэй і пазіраў нерухома ў бок акна, паўз маю галаву. Пасьля ён сказаў: