Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 142
Сергей Песецкий
Я часта думаў пра тое, што я цяпер галадаю, бо мне не стае грошай, каб штодня купляць хаця б паўфунту хлеба. А колькі раздаў грошай, дапамагаючы людзям у розных акалічнасьцях! Прыпомнілася, як Павел вывудзіў у мяне сто тысяч марак на «шлюб», хоць я сам даў яму ўперад дваццаць пяць тысяч, калі ён наракаў, што блага зарабляе. Ён здолеў нават намовіць альбо прымусіць жонку, каб дзеля дзесяці тысяч марак яна прыкінулася дзяўчынай, якая зарабляе «каханьнем». Калі б я напісаў яму ліст з просьбай прыслаць мне хаця б пяць тысяч, ён бы гэтага яўна не зрабіў. А я ж за пяць тысяч мог бы мець хлеб і курава на некалькі месяцаў. Іншых грошай, якіх я раздаў, я зусім не шкадаваў. Я з прыемнасьцю думаў пра тое, што дапамог Кольку з Раманам. А калі я зьяжджаў з Лодзі, папрасіў ранкам афіцыянта аб сьняданьні. З часу знаёмства зь ім я заўсёды сьнедаў у сваім пакоі і заўжды пакідаў для яго гасьцінец — чаявыя, большыя, чым каштаваў сам сьняданак. У дзень выезду паклаў яму пад талерку на паднос дзесяць тысяч марак. Я хацеў яму дапамагчы, бо ведаў, што гэтыя грошы вельмі яму прыдадуцца. Але ён вярнуўся ў мой пакой за некалькі хвілін і сказаў:
— Вы пакінулі пад талеркаю дзесяць тысяч.
— Так. Гэта для вас.
— Дзесяць тысяч?
— Так. Я сёньня зьяжджаю. Няхай яны пойдуць на карысьць.
Ён быў надзвычай узрушаны і сардэчна мне падзякаваў. Я цешыўся, што даў яму грошы. Але тыя, якія даў Паўлу… я хацеў бы нават зьнішчыць.
Некалькі разоў я задумваўся: каму напісаць, каб пераслалі мне якуюсь дробную суму і дапамаглі ператрываць у турме. Колька, відаць, ахвотна зрабіў бы гэта, але я ня ведаў яго адрасу. Рэванскі? Ён бы не адмовіў мне дапамагчы. Але я саромеўся напісаць яму, бо кожны мой ліст прайшоў бы праз рукі сьледчага. Паўлам я пагарджаў. Яшчэ ёсьць дзядзька. Але я сумняваўся, ці дапамог бы ён мне. Відавочна, ён паведаміў бы майму бацьку, што я ў турме. Для старога гэта была б велізарная прыкрая навіна… Давядзецца таму далей цярпець. Зрэшты, час ляціць хутка. Манатоннасьць жыцьця вязьня пазбаўляе яе фарбаў, і я не заўважаю, як мінаюць дні. Чуў, а можа нават чытаў, што мядзьведзі праводзяць усю зіму бязь ежы. Шукаюць восеньню добрую схованку-бярлог і сьпяць у ім ажно да зімы. Моцна худзеюць, але потым хутка вяртаюцца да сілы і добрай формы. Каб гэта я мог заснуць так на мноства месяцаў!
20
Нягледзячы на ўзмоцненую ізаляцыю, я ўсё лепей знаёмлюся з жыцьцём у турме. Мяне злучаюць зь ім вушы. Я здольны распазнаваць нават крокі розных наглядчыкаў, бо ведаю іх спосаб хаджэньня. А ўсялякія водгаласы, якія даносяцца з двара, калідору, верхніх галерэяў, арыентуюць мяне ў тым, што там дзеецца.
Аднаго дня да мяне пачаў ціха стукаць сусед з шостай камэры. Я азваўся. Я ведаў, што наладжваньне сувязі празь сьцяну з дапамогаю груканьня сурова забаронена. Але вязьні выбіралі для гэтага адпаведны час і наглядчыку цяжка было іх злавіць. Сусед ціха грукаў у жалезную рэйку, якая праз мур злучала нашы ложкі. Вартавы ў гэты час быў у цэнтрале. Таблічка для чытаньня альфабэту ў маёй камэры была выгравіраваная на сьцяне, і я хутка здолеў успрыняць на слых «тэлеграфаваныя» словы. Сусед грукаў: