Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 141

Сергей Песецкий

— Чаму вы так легкадумна вытрапалі грошы? Да таго ж, вы жылі раней у нястачы. Гэта вас не навучыла шанаваць грошы?

Я паўтарыў тое, што гаварыў афіцэру Сьледчай службы: я не цаніў гэтых грошай, бо здабыў іх несумленна. Акрамя таго, у мяне было прадчуваньне, што гэтая гісторыя скончыцца кепска. Таму я хацеў хоць троху пазабавіцца.

— Цяпер вы, відаць, шкадуеце?

— Шчыра вам скажу, — адказаў я, — мая сытуацыя ня горшая, чым тады, калі я дэмабілізаваўся з войска. Я тут мучаюся ад голаду і ад холаду. Шмат не стае, пазбаўлены волі. Але вынікае гэта з маёй цяперашняй сытуацыі і ёсьць пачаткам пакараньня. А тады я быў вольны, але пазбаўлены магчымасьці жыць. Пачуваўся пакрыўджаным і нават прысуджаным на галодную сьмерць.

На заканчэньне сьледчы сказаў мне, што мая справа цяпер у яго руках і калі я захачу зьвярнуцца да яго, магу гэта зрабіць праз пасярэдніцтва турэмнай адміністрацыі. Я спытаўся яго яшчэ: якая кара мне сьвеціць?

— Я мяркую, — сказаў сьледчы, — што прысуд ня будзе суровы. Есьць шмат акалічнасьцяў, якія залагоджваюць справу. Акрамя таго, вы ня бралі ўдзелу ў фальшаваньні чэкаў і дакумэнтаў.

Я вярнуўся ў камэру і зноў пачаў бессэнсоўную дзённую вандроўку. Прамежак — ад дзьвярэй да акна — перамерваў гадзінамі. Пяць крокаў доўгіх альбо сем кароткіх. Трэба было ўвесь час рабіць павароты. Але хутка я прызвычаіўся да хаджэньня гэткім спосабам і не заўважаў, калі выконваў павароты. Ня раз я хадзіў так цэлымі днямі, каб забіць смутак, нечым заняцца і змучыцца, бо пасьля лепш спаць уночы. Я аслабеў ад працяглага голаду. Я разумеў, што трэба менш хадзіць, бо гэта вымагала фізычных высілкаў. Але я ня мог адмовіцца ад гэтага. Гэта быў найлепшы спосаб забыцца пра ўсё, што мяне абкружала. Падчас хаджэньня думкі звычайна зьляталі ў мінулае. Я часта прыгадваў сабе такія дэталі з даўніх падзеяў, якія звычайна заціраюцца ў памяці. Быў яшчэ адзін сродак палегчыць сваё жыцьцё, ды нават прыглушыць голад — курэньне. Але цыгарэты я вельмі ашчаджаў. Калі я быў у турме Сьледчай службы, Сабада даў мне на запас сорак цыгарэт і дзьве каробкі запалак. Я курыў паўцыгарэты і вельмі рэдка. Але яны хутка скончыліся. Я балюча адчуваў іх нястачу. А за некалькі дзён «калефактар» адчыніў кляпан у дзьвярах і спытаў, ці ёсьць у мяне грошы на дэпазіце. Я сказаў, што ёсьць, і даў яму квіток на трыста семдзесят марак, які я атрымаў з турэмнай канцылярыі. Я даведаўся, што я магу пайсьці ў кіёск на закупы. Пазьней вартаўнік адчыніў дзьверы маёй камэры і правёў мяне да крамкі, створанай на кароткі час у куце цэнтрала, дзе злучаліся два крылы корпусу і калідор, які вёў да канцылярыі. Тавары прадаваў адзін з вартаўнікоў. Я купіў кавалак мыла, тры пачкі махоркі, тры аркушы папяроснай паперы і два карабкі запалак. Выдаткаваў на гэта амаль усе мае грошы. Вельмі хацеў купіць хлеба, але адмовіўся ад гэтага, бо курэньне было для мяне справай найважнейшаю. Па вяртаньні ў камэру адразу ж вымыў рукі і твар, бо мыла ў мяне не было даўно. Выцерся хусткаю для носа, якую выпраў пазьней у вадзе, што засталася. Толькі тады я закурыў скручаную ў папяросную паперу цыгарэту з махоркі. Рэзкі дым дрэннага тытуню душыў мяне і прымушаў кашляць. Але я адчуў дзеяньне нікатыну. Цяпер жыцьцё падалося мне лягчэйшым, а голад менш дакучлівым.