Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 139
Сергей Песецкий
Уваходзім усярэдзіну. Мне падаецца, што жалезная брамка вельмі неахвотна адчыняецца перад намі. Бачу лябірынты чырвоных, цагляных муроў. Паўсюль краты, жалеза, цэмэнт, каменьне, цэгла. У канцылярыі эскорт перадае нас турэмнікам. Цяпер мы належым экіпажу гэтага мураванага карабля, які, кружляючы між днём і ноччу, плыве ў часе па ўсхваляваным акіяне права і бяспраўя. Ізноў перапісваюць нашы пэрсоны. Забіраюць на захоўваньне дробныя рэчы, нават рэмень і шлейкі. У мяне толькі трыста семдзесят марак. Цешуся, што ў мяне не забралі дарагога і добрага гадзіньніка на руку, які я купіў сабе пасьля продажу першага чэку. Цяпер яго паклалі ў мой дэпазыт. У маіх супольнікаў па некалькі тысяч марак, бо ў іх не забралі асабістых грошай. Пасьля дагляду турэмны інспэктар падае вартавым загад:
— Завядзіце іх у «цыганку»! Гэтых двух, — паказвае на Якуба і Сабаду, — разам. А гэтага, — цэліць пальцам у мае грудзі, — асобна.
Я задумваюся над такім падзелам, і мне прыходзіць у галаву, што зь нейкай прычыны мяне ўважаюць за вельмі небясьпечнага. «Цыганка» — гэта адасоблены кратамі кут вялізнай залі, якая называецца «цэнтрал» і зь якой разыходзяцца два крылы першага корпусу. Вязьні, пасаджаныя ў «цыганку», выглядаюць як зьвяры за кратамі заалагічнага парку, з тою розьніцаю, што людзі ня маюць тут такіх выгодаў, якія прадугледжаны для зьвяроў. Толькі назаўтра ў абед нас пераводзяць у камэры ў левым крыле. Маіх супольнікаў праводзяць у вышэйшую галерэю. Мяне садзяць у камэры нумар 7 на другім паверсе. Абодва крылы мелі агулам дзьвесьце адзінкавых камэр — па дваццаць пяць на кожным паверсе. Мая камэра была ў месцы, якое добра ахоўвалася, бо камэры ад нумару 1 да 12 былі вызначаныя для асабліва небясьпечных злачынцаў. У іх садзілі прысуджаных да сьмяротнай кары альбо прызначаных да поўнай ізаляцыі. Але пра гэта я даведаўся пазьней. Цяпер цэлым маім сьветам, у якім я магу рухацца, сталася малая, вузкая камэра з загатаваным акном і бляшаным «кашом». Сьцены памаляваныя жоўтаю алейнаю фарбаю. Падлога чорная — цэмэнтавая. Ложак — жалезная рама з трубаў, умураваная ў сьцяну, з папярэчнымі і падоўжанымі планкамі. Удзень ложак узьняты ўгору і замкнёны на спружынны замок з заскачкай у сьцяне. Толькі перад вячэраю вязень-служка дае ў камэру ключ, якім адчыняецца замок. Тады ложак можна апусьціць і абаперці на дзьве жалезныя нагі, умацаваныя ў раму. У сеньніку ёсьць трохі сьцёртай у парахню саломы. Коўдры і падушкі няма. У куце камэры стаіць столік, таксама ўмураваны ў сьцяну. Каля дзьвярэй знаходзіцца вядро ў драўлянай аправе, падобнай да скрынкі з накрыўкай, якое замяняе вязьням туалет. Раз на дзень дзяжурныя, якіх называюць тут «калефактарамі», забіраюць вядро з камэры і выпаражняюць яго. Таксама каля дзьвярэй ёсьць палічка, на якой ляжаць міса з тоўстай бляхі і драўляная лыжка. Пад палічкаю стаіць на падлозе малы кубак з вадою. На сьцяне вісіць кардонка, на якой налеплены «Правілы для вязьняў». У іх пералічана ўсё, чаго нельга рабіць вязьню і што належыць рабіць. Але, як і любыя правілы на сьвеце, і гэтыя дзейнічаюць тэарэтычна. На практыцы яны вельмі розьняцца ад «сапраўднай рэчаіснасьці». У правілах, напрыклад, значыцца, што нельга курыць тытунь, аднак турэмная адміністрацыя не забараняе курэньне. Можна нават купляць цыгарэты ў кіёску, які працуе раз на тыдзень. З калідорам злучаецца камэра, хаця лепш сказаць — аддзяляюць яе ад калідора дзьверы, драўляныя, акутыя ў многіх месцах. На палову вышыні ёсьць у іх малыя дзьверцы, што зачыняюцца звонку жалезным рыгелем, які называюць «кляпан». Праз гэты кляпан вязень атрымлівае ежу, бо празь яго пралазіць вялікая міска. Над кляпанам ёсьць адтуліна за шклом, закрытая звонку рухомаю, жалезнаю засланкаю. Гэта «вочка» — акенца ў турэмных дзьвярах для нагляданьня за вязьнем з калідору. У камэры направа ад дзьвярэй ёсьць «званок», пасьля націсканьня якога на сьцяне ў калідоры падае жалезная «стрэлка», так што бачна здаля, якая камэра звоніць. А яшчэ вышэй, над дзьвярыма, пад стольлю ёсьць ніша, у якой за драцяной сеткаю знаходзіцца электрычная лямпа. Гэтая абстаноўка сьціплая, але лічыцца дастатковаю для кватарантаў, якія нічога ня плацяць і наогул жывуць ці лепш сказаць: паволі паміраюць за кошт грамадзтва.