Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 123

Сергей Песецкий

— Та-ак? Выдатна! Гэта мне вельмі падабаецца. Кожны паважаны чалавек мусіць найперш сплачваць даўгі.

Пералічылі, што за тыя дзесяць рублёў трэба выплаціць дзядзьку пятнаццаць тысяч марак. Я наўмысна выцягнуў з бакавой кішэні пінжака тоўсты стос пяцітысячных банкнотаў і паволі выняў зь яго пятнаццаць тысяч. Дзядзька хацеў узяць грошы, але я прытрымаў яго.

— Хвіліначку. Пакажыце мне сваё пасьведчаньне асобы.

— Што?

— Звычайная рэч, — казаў я. — Гэта грашовая справа. Трэба быць асьцярожным. Цяпер людзі ненадзейныя. Ашуканцаў паўсюль шмат.

— Але ж…

— Што але ж? Адкуль я магу быць упэўнены, што вы сапраўды Ян Лубень?

— Ну, ведаю… Гэта ўжо… — дзядзька матляў пальцамі ў паветры, шукаючы адпаведныя выразы, каб акрэсьліць мой учынак.

— Нахабства! — падказаў я.

— Сапраўды.

— Не, дзядзьку, толькі асьцярожнасьць.

— Ты кажаш гэта сур’ёзна?

— Зусім сур’ёзна.

Дзядзька гучна адсунуў крэсла і выйшаў у наступны пакой. Ізноў вярнуўся і падаў мне пашпарт. Я агледзеў яго ўважліва. Праверыў рэгістрацыю.

— Фатаздымак мала падобны, — сказаў я, параўноўваючы здымак з выглядам дзядзькі. — Але нічога. Зарызыкую. Прашу напісаць расьпіску.

— Якую? Навошта?

— Ну, за атрыманыя грошы. Каб пасьля дзядзька не прыпомніў другі раз пра доўг.

— Ну, ведаеш…

— Ведаю, дзядзька, ведаю. Люблю езьдзіць першай клясай, але люблю таксама парадак у справах. Асьцярожнасьць ніколі не зашкодзіць. Бо дарагога дзядзьку, напрыклад, можа памяць падмануць, забудзе дзядзька, што яму зьвярнулі доўг. А так ёсьць сьведчаньне.

Пасьля атрыманьня расьпіскі даў дзядзьку грошы. Увечары разьвітаўся зь ім, каб падацца на станцыю. Калі апранаўся, дзядзька зьвярнуўся да мяне:

— Гэтулькі часу размаўлялі, а ня ведаю дасюль, чым ты займаешся?

Я па некалькі імгненьняў задумаўся, а пасьля сказаў:

— Гандлюю грашыма.

— Та-ак… Валютаю?

— Не… польскімі грашыма.

— Маркамі?

— Так, маркамі.

— Не разумею.

— Гэта маё вынаходніцтва. Але вам скажу.

Вочы дзядзькі заблішчэлі.

— Слухаю, слухаю.

— Папросту купляю панішчаныя, надарваныя, падзёртыя, склееныя банкноты і на гэтым зарабляю.

— Што ты кажаш! І ёсьць такія дурні?

— Есьць. Зрэшты, кожны рады пазбыцца, за дробнае ўзнагароджаньне, сапсаваных банкнотаў, якіх цяпер вельмі шмат, ды якія цяжка даваць, бо людзі ня хочуць іх браць. Асабліва ў клюбах, казыно… Ісьці зь імі ў банк ня кожны мае час і ахвоту.

— Та-ак… Колькі на гэтым зарабляеш?

— Па-рознаму… Ад ста да пяцісот тысяч штомесяц.

— Супакойся!

— Што, мала?

— Шма-ат! Шалёна шмат!

— Я так ня думаю… Люблю добра жыць і маю шмат выдаткаў.

Калі я разьвітваўся зь дзядзькам, ён пазіраў на мяне ня так, як раней — холадна, непрыязна і амаль варожа, але зь зьдзіўленьнем: «Мой пасьпяховы сваяк».

Дзядзька няправільна паінфармаваў мяне пра час адыходу цягніка да Верасьня. Калі я прыйшоў на станцыю, даведаўся, што цягнік даўно адышоў. А наступны будзе пад ранак. Адзін чыгуначнік, якому я апавёў пра свой клопат, параіў мне ехаць хуткім цягніком, які адыдзе за гадзіну, а прыбудзе ў Берасьце амаль адначасова з тым, што зьехаў раней. Але хуткі цягнік не затрымліваўся на станцыі Лінава, аднак зь нейкага поваду зьмяншаў хуткасьць, праходзячы пад мостам недалёка ад станцыі. Чыгуначнік працаваў недалёка ад таго месца і пагадзіўся паказаць мне яго. Мы рушылі па рэйках. За дзесяць хвілін мой праваднік затрымаўся.